Беларуская Служба

Польшча спыніла выдачу гуманітарных візаў, аб якіх хадайнічаў Беларускі дом у Варшаве

01.11.2023 09:08
З пачатку 2023 года па хадайніцтве Беларускага дома ў Варшаве (БДВ) 1507 чалавек атрымалі польскія гуманітарныя візы, аднак з верасня працэс спыніўся, паведаміў «Позірку» кіраўнік арганізацыі Алесь Зарэмбюк.
Aleś Zarembiuk
Aleś Zarembiukpolskieradio.pl

Паводле яго слоў, раней у выпадку гарантый БДВ гуманітарная віза выдавалася пацярпелым ад рэпрэсій беларусам на працягу двух тыдняў – паўтара месяца. З пачатку восені не задаволена ніводнае з 188 хадайніцтваў, пададзеных у Міністэрства замежных спраў Польшчы

Алесь Зарэмбюк адзначыў, што пасля парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў Польшчы 15 кастрычніка, Беларускі дом у Варшаве атрымаў з МЗС «неафіцыйную інфармацыю» аб тым, што консульскі аддзел ведамства прыпыніў выдачу гуманітарных віз у чаканні «новых рэкамендацый».

«Гэта ўніверсальная праблема. На сёння складанасці з атрыманнем гуманітарнай візы маюць усе беларусы незалежна ад краіны знаходжання. Наша арганізацыя чакае новых рэкамендацый ад польскага МЗС у дачыненні да візаў рэпрэсаваным беларусам. Хутчэй за ўсё, пасля выбараў будзе сфармаваны новы ўрад, і ён будзе прымаць рашэнне па крытэрах і тэрмінах выдачы дазвольных дакументаў для беларусаў», – сказаў кіраўнік БДВ.

Зарэмбюк падкрэсліў, што Беларускі дом спрыяў у атрыманні візаў, зыходзячы з выразных крытэрыяў:

«Мы дапамагалі толькі пацярпелым ад рэпрэсій, чальцам іх сем’яў або тым, каму небяспечна знаходзіцца ў Беларусі. Гэта патрабавалася даказаць, падаўшы альбо дакументы, якія пацвярджаюць факт рэпрэсій, альбо фота заяўніка з пратэстаў, альбо дзве рэкамендацыі ад вядомых людзей, якія маглі б апісаць праблему і гарантаваць факты рэпрэсій. Усяго ў 2023 годзе да нас звярнуліся 2642 чалавекі з адпаведным хадайніцтвам. Такім чынам, больш за тысячу чалавек не змаглі даказаць пагрозу з боку беларускіх уладаў або факт рэпрэсій».

Цяпер, дадаў Зарэмбюк, беларусам, якія маюць патрэбу ў гуманітарных польскіх візах, можна рэкамендаваць адно – чакаць.

Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве разлічвае, што Польшча працягне падтрымліваць беларусаў і зноў пачне выдаваць гуманітарныя візы, бо для многіх гэта азначае «захаваць свабоду, а ў некаторых выпадках жыццё».

svaboda.org / вх