Супрацоўнікі мытнай службы на аўтамабільным памежным пераходзе з Беларуссю ў Тэрэспалі (Люблінскае ваяводства) прадухілілі кантрабанду 800 ампул папулярных лекаў сярод бодзібілдараў і людзей, якія займаюцца сілавымі відамі спорту.
Як паведаміў прэс-сакратар службы ў Любліне Міхал Дэрус, дзве грамадзянкі Беларусі – маці і дачка – спрабавалі правезці ў Польшчу нелегальныя лекі ў аптовых колькасцях.
«У кожнай з іх пад верхняй вопраткай было схавана па 400 ампул прэпарата, папулярнага, у тым ліку, сярод бодзібілдараў і людзей, якія займаюцца сілавымі і спаборніцкімі відамі спорту. Сродак здольны ўплываць на больш хуткую рэгенерацыю і насычэнне цягліц кіслародам і паляпшаць агульную працаздольнасць арганізма», – растлумачылі ў прэс-службе.
Беларускі прызналіся ў кантрабандзе. Яны патлумачылі, што перавозілі лекі ў якасці падарункаў для сваёй сям'і. Супраць іх распачатыя крымінальныя справы.
Згодна з фармацэўтычным заканадаўствам, падарожнік мае права правезці пяць самых маленькіх упаковак лекаў для ўласных патрэб. Парушэнне правілаў караецца штрафам, абмежаваннем волі або пазбаўленнем волі на тэрмін да 2 гадоў.
ав