Беларуская Служба

Больш за 100 тысяч замежнікаў навучаюцца ў польскіх ВНУ. Найбольш з Беларусі і Украіны

30.11.2023 15:48
У мінулым навучальным годзе ў польскіх ВНУ вучыліся 102 тысячы іншаземцаў – гэта дадзеныя справаздачы «Іншаземцы ва ўніверсітэтах Польшчы».
 .
Ілюстрацыйнае фота.Shutterstock/Tomasz Bidermann

Па словах аўтараў дакладу, з 2012 года колькасць замежных студэнтаў пастаянна расце. А з 2021 года колькасць замежнікаў павялічылася больш чым на 16 тысяч чалавек. Гэта самы высокі рост за апошнія 10 гадоў.

«Большасць студэнтаў прыязджае ў Польшчу з Украіны і Беларусі», – кажа Ганна Мазярчык з Цэнтра апрацоўкі інфармацыі, адна з суаўтарак справаздачы. «Дамінаванне гэтых двух народаў было характэрнай рысай сектару вышэйшай адукацыі ў Польшчы на ​​працягу многіх гадоў», – кажа эксперт. Наступныя краіны па колькасці замежных студэнтаў: Зімбабвэ, Турцыя, Індыя, Азербайджан, Узбекістан і Кітай.

У 2019 годзе ў польскіх ВНУ вучыліся 39 тысяч студэнтаў з Украіны. Пасля пачатку вайны ва Украіне колькасць украінскіх студэнтаў яшчэ больш павялічылася.

«У мінулым навучальным годзе больш за 48 тысяч студэнтаў з Украіны вучыліся ў польскіх ВНУ, і яны складалі амаль палову ўсіх замежных студэнтаў. 60 працэнтаў з іх былі людзі, якія пачалі навучанне на першым курсе, і значная большасць з іх вучылася ў Мазавецкім ваяводстве», – кажа Ганна Мазярчык.

Замежнікі часцей за ўсё абіралі для навучання ў Польшчы менеджмент, IT, эканоміку, лагістыку, медыцыну і псіхалогію.

IAR/вх