У Варшаве адбылася цырымонія ўручэння сваякам інфармацыі пра імёны людзей, забітых саветамі, немцамі і камуністычнымі ўладамі Польскай Народнай Рэспублікі. Астанкі гэтых людзей знойдзеныя і ідэнтыфікаваныя ў рамках мерапрыемстваў, якія праводзяць супрацоўнікі аддзела пошуку і ідэнтыфікацыі Інстытута нацыянальнай памяці.
Прэзідэнт Анджэй Дуда накіраваў ліст удзельнікам цырымоніі, які зачытаў міністр Войцех Калярскі. Прэзідэнт напісаў, між іншым, што ідэнтыфікацыя тых, хто заплаціў жыццём за барацьбу за свабодную Польшчу, гэта наш абавязак.
Старшыня Інстытута нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі падкрэсліў, што эксперты ўстановы шукаюць і выводзяць з забыцця польскіх герояў, незалежна ад таго, у якіх фармаваннях яны служылі і з кім ваявалі. «Тых, для каго адзінай каштоўнасцю была незалежная ад дзвюх акупацый – нямецкай і савецкай – Польшча. Тых, хто не пагадзіўся, каб у 1945 годзе Польшча стала савецкай калоніяй. Жаўнеры верасня 1939 г., жаўнеры Арміі Краёвай, пасляваеннае падполле, партызаны і героі з нацыянальных узброеных сіл і сялянскіх батальёнаў», – адзначыў старшыня ІНП.
Дагэтуль спецыялістам Бюро пошуку і ідэнтыфікацыі ІНП удалося апазнаць больш за 260 чалавек – ахвяраў камуністычнага і нямецкага тэрору. У выніку дзейнасці Інстытута нацыянальнай памяці знойдзеныя і перапахаваныя астанкі больш чым дзвюх тысяч чалавек. 3700 узораў генетычнага матэрыялу пацярпелых і іх сваякоў адпраўленыя ў базу дадзеных.
IAR/нг