Міністр сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Ганна Гэмбіцка (Anna Gembicka) адзначыла, што праграма «Мясцовая паліца» будзе выгадная як фермерам, так і спажыўцам. Першыя атрымаюць магчымасць прадаваць сваю прадукцыю на мясцовым узроўні, а другія змогуць свядома выбіраць польскую ежу ў супермаркетах.
У эфіры Першай праграмы Польскага радыё міністр падкрэсліла, што праграма «Мясцовая паліца» будзе спрыяць польскім вытворцам прадуктаў харчавання. Прапанова ўрада абавязвае супермаркеты купляць дзве траціны прадуктаў харчавання лакальнай вытворчасці.
«Ідэя заключаецца ў тым, каб узмацніць пазіцыі фермераў у ланцугу паставак, каб супермаркеты былі абавязаныя купляць непасрэдна ў фермераў. Гэта ўмацуе пазіцыю польскага фермера», – сказала міністр Анна Гэмбіцка.
На мінулым тыдні Рада міністраў прыняла пастановы па праграме «Мясцовая паліца». Акрамя абавязку набываць прадукты харчавання на мясцовым узроўні, правілы таксама прадугледжваюць маркіроўку польскіх прадуктаў харчавання ў крамах, каб спажыўцам было прасцей купляць прадукты мясцовых вытворцаў.
IAR/нг