Польскія няўрадавыя арганізацыі, якія з першых дзён расійскага ўварвання ва Украіну займаюцца дапамогай грамадству краіны, па-ранейшаму гатовыя аказаць падтрымку, заявілі ўдзельнікі канферэнцыі «Польшча салідарная з Украінай», якая адбылася ў Кіеве.
На сустрэчы была прэзентаваная 100-старонкавая «Справаздача аб дапамозе польскіх няўрадавых арганізацый Украіне», падрыхтаваная Канфедэрацыяй няўрадавых ініцыятыў Рэспублікі Польшча (KIPR).
«Мы можам ганарыцца зробленым. Фактычна гэта быў парыў сэрца», – сказаў Каміль Рыбікоўскі, віцэ-прэзідэнт KIPR. «Гэтая дапамога тычылася і тычыцца ўкраінцаў, якія знаходзяцца ў Польшчы, але таксама гуманітарнай дапамогі, якая ўсё яшчэ ідзе ва Украіну», – адзначыў ён.
У справаздачы прыводзяцца дадзеныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, якія сведчаць аб тым, што толькі да канца сакавіка 2022 года да дапамогі ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі на тэрыторыі Украіны было прыцягнута да супрацы 29,6 працэнта (амаль 29 тыс.) суб'ектаў з грамадскага сектару, у тым ліку асацыяцыі і фонды. На тэрыторыі Польшчы ў такой дапамозе ўдзельнічалі 98% арганізацый з грамадскага сектару.
У 2022 годзе Польшча выдаткавала рэкордную суму гуманітарнай дапамогі ў памеры 8,6 млрд еўра.
Марцін Шэўчак з пошукава-выратавальнай групы Добраахвотнага пажарнага дэпартамента ў Валбжыху заявіў на канферэнцыі ў Кіеве, што калі на пачатку вайны палякі адпраўлялі ва Украіну «ўсё, што магло быць карысным», то цяпер гэтая дапамога грунтуецца на канкрэтных патрэбах.
«Польскія няўрадавыя арганізацыі маюць партнёраў ва Украіне, і мы можам канкрэтызаваць тое, што сапраўды патрэбна. Мы можам накіраваць гэту дапамогу так, каб яна была эфектыўнай», – сказаў ён. Сёння польскія ратавальнікі падтрымліваюць украінскіх калег навучаннем і пастаўкамі спецыялізаванага абсталявання.
З ім пагадзіўся спецыяліст па еўрапейскай інтэграцыі і рэгіянальнай палітыцы, былы віцэ-мэр горада і гміны Канты Вроцлаўскія Патрык Галачкевіч.
«Безумоўна, з цягам часу дапамогі становіцца ўсё менш, але я думаю, што тыя арганізацыі, якія спецыялізаваліся, працягваюць дапамагаць і будуць дапамагаць. Цяпер гэтая дапамога ўсё яшчэ патрэбна ў канкрэтных месцах і ў канкрэтных справах. Для нас гэта зʼяўляецца прычынай таго, што Украіна павінна выйграць гэтую вайну», – падкрэсліў Патрык Галачкевіч.
Паводле ацэнак Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, на 30 чэрвеня 2023 года ў Польшчы пражывала каля 1,3 млн украінцаў.
Прэзентаваны ў Кіеве даклад аб удзеле няўрадавых арганізацый у дапамозе Украіне, якая ваюе супраць Расіі, даступны на польскай, украінскай і англійскай мовах на сайце polishngohelp.com.
PAP/вх