«Заява міністра адукацыі (Барбары Навацкай) адносна выкладання рэлігіі ў школе – гэта яе ідэя. Тое, што яна прапануе ці будзе прапаноўваць, бо гэта толькі першы яе голас, які пакуль, як я ведаю, не абмяркоўваўся нават у колах новай улады, а тым больш у адносінах з Касцёлам, таму невядома, ці будзе яе голас агульнапрыняты – гэта справа асабістага пераканання міністра», – сказаў біскуп Артур Мізіньскі, генеральны сакратар епіскапату Польшчы.
Біскуп Артур Мізіньскі нагадаў, што ў Канкардаце гарантуецца выкладанне катэхезы ў дзяржаўных школах і дзіцячых садках. Па яго словах, вырашэнне такіх пытанняў «патрабуе палітычнай культуры і прадстаўлення гэтага праекта ў фармальнай форме ў будучыні». «Калі гэта чаканні ўрада, калі такі праект наогул будзе створаны, то сумесны разгляд будзе праводзіцца», – сказаў ён.
Біскуп Мізіньскі падкрэсліў, што ў Канкардаце сцвярджаецца, што катэхізацыя ў школе павінна быць арганізавана згодна з жаданнем бацькоў дзяцей, якія ў ёй навучаюцца. «Такім чынам, трэба прыслухоўвацца і да супольнасці бацькоў дзяцей, якія жадаюць наведваць гэтую катэхезу», – дадаў ён.
У сераду новая міністр адукацыі Барбара Навацкая на пытанне ў эфіры TVN24, ці падтрымлівае яна ліквідацыю рэлігіі ў польскіх школах, адказала: «Я ведаю Канкардат і ведаю, што польская дзяржава абавязалася. Працэс размовы пра форму Канкардату будзе доўгім».
Пры гэтым яна дадала, што, на яе думку, «дзве гадзіны заняткаў рэлігіяй – гэта празмерна», таму што, як яна адзначыла, у дзяцей рэлігіі больш, чым іншых прадметаў.
«Мая прапанова будзе заключацца ў тым, каб абмежаваць урокі рэлігіі адной гадзінай, якая аплачваецца з дзяржаўнага бюджэту. Калі мясцовыя ўлады або бацькі вырашаць, што яны жадаюць больш гэтых гадзін, гэта будзе іх рашэнне, у тым ліку фінансавае», – сказала Навацкая.
Барбара Навацкая заявіла, што паспрабуе ўключыць заняткі па рэлігіі ў першы ці апошні ўрок, і каб адзнакі па рэлігіі не залічваліся ў сярэднюю адзнаку ў атэстатах.
ав