Акруговы суд у Варшаве прысудзіў Марыюша Каміньскага і Мацея Вонсіка да двух гадоў пазбаўлення волі. Суд таксама забараніў ім на працягу пяці гадоў займаць дзяржаўныя пасады. Гэта прысуд у касацыйным працэсе былых кіраўнікоў Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро (CBA) па так званым зямельным скандале.
Былыя кіраўнікі CBA атрымаі прысуд за шэраг злачынстваў, якія здзейснілі ў гады 2006-2007, у тым ліку, перавышэнне паўнамоцтваў, выдаванне загадаў з парушэннем законаў і фальсіфікацыя дакументаў. Суд першай інстанцыі выдаў прысуд у 2015 годзе, аднак пакуль справа паступіла ў Апеляцыйны суд, прэзідэнт Дуда памілаваў былых кіраўнікоў CBA. У выніку памілавання суд другой інстанцыі ў 2016 г прыняў рашэнне аб пагашэнні справы. Справа вярнулася ў суд праз 8 гадоў у выніку рашэння Вярхоўнага суду ў чэрвені г.г. Вярхоўны суд адмяніў пагашэнне былых кіраўнікоў CBA i вярнуў справу да паўторнага разгляду.
Суддзя Анна Батор-Цесельска сказала, што дзеянні былых кіраўнікоў CBA былі бяспраўнымі.
- Іх дзеянні не былі накіраваныя на выкрыццё злачынства, яны стваралі злачынства. Было вызначана месца, дзе адбудзецца махлярства – Мазуры, а не іншы рэгіён Польшчы, было вырашана хто будзе ўцягнуты ў гэтае злачынства. Усё прыдумалі супрацоўнікі CBA і затым ажыццявілі. Мэтай было стварэнне злачынства на аснове загадзя падрыхтаваных дакументаў.
Прысуд канчатковы і абскарджанню не падлягае. Адзначым, што Марыюш Камінскі і Мацей Вонсік – дэпутаты Сейму.
Старшыня Сейму Шыман Галоўня заявіў журналістам, што калі ў Сейм прыйдзе ліст з суда з паведамленнем аб рашэнні, былыя кіраўнікі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро будуць пазбаўленыя дэпутацкіх мандатаў.
яс