Затрыманне Мар’юша Каміньскага і Мацея Вонсіка звязана з выкананнем рашэння суду Другой інстанцыі, які асудзіў іх за перавышэнне паўнамоцтваў. Супраць затрымання пратэстуе прэзідэнт Анджэй Дуда. Меркаванні палітыкаў і экспертаў падзяліліся, шмат хто пагаджаецца з тым, што цяперашняя сітуацыя сведчыць пра юрыдычны хаос у Польшчы.
У Польшчы не схіцаюць дэбаты пасля таго, як у аўторак вечарам паліцыя затрымала былых кіраўнікоў ЦБА Мар’юша Каміньскага і Мацея Вонсіка падчас іх знаходжання ў Прэзідэнцкім палацы. Палітыкаў партыі ПіС спачатку змясцілі ў ізалятары часовага ўтрымання Варшава-Грохаў, потым Каміньскага перавезлі ў турму ў Радам, а Вонсіка - у Астралэнку. У першы ж дзень за кратамі Мар’юш Камінскі абвясціў галадоўку.
- Як палітычны вязень з першага дня майго арышту, я пачынаю пратэст з галадоўкай.
Абураны затрыманнем прэзідэнт Анджэй Дуда, якія заявіў, што ён ужо раней памілаваў былых кіраўнікоў ЦБА. Па словах Дуды, палітыкі ПіС Мар'юш Каміньскі і Мацей Вонсік, асуджаныя за перавышэнне паўнамоцтваў, з’яўляюцца палітвязнямі.
- У турму кінулі нявінных людзей, якія вядомыя сваёй чэснасцю. Я глыбока шакіраваны гэтай сітуацыяй, тым, што іх пасадзілі ў турму, нягледзячы на прэзідэнцкае памілаванне.
У прадстаўнікоў кіроўнага ўрада іншая юрыдычная інтэрпрэтацыя. Пра гэта сказала віцэ-старшыня Сейма ад партыі «Грамадзянская кааліцыя» Дарота Нядзеля.
- Хто можа быць дэпутатам Сейму? Асуджаны чалавек дакладна ім не можа быць.
Кожны з бакоў спасылаецца на іншую трактоўку заканадаўства ды рашэнняў судоў. Так, дзейсны прэзідэнт і ПіС спасылаюцца на прэзідэнцкае памілаванне палітыкаў і супрацоўнікаў Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро, абвешчанае Дудам адразу пасля прынятага рашэння суда Першай інстанцыі ў 2015 годзе, якое яшчэ не ўступіла ў сілу. Кіроўная кааліцыя кажа пра тое, што Вярхоўны суд Польшчы ўжо заяўляў, што памілаванне было незаконным, паколькі тычылася не канчатковага рашэння.
20 снежня 2023 года суд Другой інстанцыі вынес канчатковае рашэнне, прызнаўшы палітыкаў вінаватымі ў перавышэнні паўнамоцтваў і падробцы дакументаў у 2007 годзе пры правядзенні следства ў дачыненні да тагачаснага віцэ-прэм’ера Анджэя Лепэра. Яны падраблялі дакументы і подпісы службовых асоб падчас аператыўных дзеянняў звязаных з абвінавачаннямі чыноўніка ў карупцыі. Суд асудзіў іх на 2 гады пазбаўлення свабоды.
Аднак, палітыкі ПіС не прызнаюць дадзены вердыкт, заяўляючы, што Канстытуцыйны суд пад старшынствам Юліі Пшылэмбскай (абранай пры падтрымцы ПіС) палічыў, што Вярхоўны суд не мае права кантраляваць пытанні, звязаныя з прэзідэнцкім законам аб памілаванні.
На гэта ў польскім інтэрнэце людзі нагадалі, што прэзідэнт адмовіў у памілаванні іншаму чалавеку, якога падатковая пакінула без пенсіі. Аргументам было, што «справа не можа быць разгледжана ў парадку памілавання, паколькі закон аб памілаванні прымяняецца толькі да пакаранняў і мер пакарання, накладзеных у судовых рашэннях уступіўшых у сілу».
Іншая юрыдычная спрэчка разгарэлася вакол пазбаўлення дэпутацкіх мандатаў Мар’юша Каміньскага ды Мацея Вонсіка, якіх абралі ў Сейм на кастрычніцкіх выбарах 2023-го года ў Польшчы. Розныя палаты Вярхоўнага Суда вынеслі спрэчныя рашэнні ў гэтым пытанні.
Так, Палаты працы і сацыяльнага страхавання Вярхоўнага суда вырашыла, што ў Польшчы мандат дэпутата канчаецца ў моманце ўступлення ў сілу вердыкту суда, таму рашэнне старшыні Сейму аб пазбаўленні мандата адпавядае заканадаўству. Гаворыць суддзя Богдан Бэнек.
- Спыненне паўнамоцтваў дэпутата адбываецца аўтаматычна ў выпадку злачынства. Старшыня Сейму толькі абвяшчае гэты факт. Вярхоўны суд сёння ацэньваў справу, а не чалавека і гісторыю яго жыцця. Гэта як з кіроўцам, які доўгія гады ездзіў без выпадкаў, а раз справакаваў аварыю і прычыніўся да смерці чалавека - тады наступае крымінальная адказнасць.
У сваю чаргу Надзвычайная кантрольная палата Вярхоўнага суда ў пятніцу вынесла іншае рашэнне па гэтай справе і адмяніла пастанаўленне старшыні Сейму аб пазбаўленні мандатаў двух палітыкаў ПіС. Прэсавы сакратар Вярхоўнага суду суддзя Аляксандр Стэмпкоўскі заявіў, што абавязвае рашэнне, вынесенае ў пятніцу.
- Не маю сумневаў у тым, што прысуд, прыняты 5 студзеня, з'яўляецца абавязковым і канчатковым з пункту гледжання права. У сувязі з гэтым, кожнае дадаткова прынятае рашэнне ў дадзенай справе ёсць бяспраўным.
Іншы суддзя Вярхоўнага суду Пётр Прусіноўскі заявіў, што ў крызісе вінаватыя палітыкі, якія павінны цяпер змяніць заканадаўства і выправіць сітуацыю.
- Палітыкі сапсавалі, і цяпер павінны гэта змяніць дзеля дабра дзяржавы. Юрысты дадзенай сітуацыі не зменяць. Кожны вынесены вердыкт будзе сутыкацца заўсёды з супярэчным рашэннем. Дадзеная сітуацыя цягнецца ўжо некалькі гадоў. Кожнае рашэнне Вярхоўнага Суда аспрэчваў Канстытуцыйны суд, або іншыя суддзі.
Палітыкі ў Польшчы пакуль не маюць адзінага меркавання, што рабіць з гэтым усім, шмат хто заняты перакідваннем адказнасці з аднаго на другога. Віцэ-старшыня Сейму з «Польскай сялянскай партыі» Марэк Савіцкі заявіў, што Мар’юш Каміньскі і Мацей Вонсік з'яўляюцца ўскоснымі ахвярамі дзеянняў свайго ж ураду «Права і справядлівасць». Абодва палітыкі былі законна асуджаныя паводле судовай сістэмы, якую яны рэфармавалі за восем гадоў свайго кіравання. Марэк Савіцкі падкрэсліў, што мэтай гэтых рэформаў было не паляпшэнне польскай прававой сістэмы, а забеспячэнне абароны тым, хто трымае ўладу.
- Яраслаў Качыньскі ды Матэвуш Маравецкі адназначна заявілі, што рэформа судовай сістэмы не ўдалася, скончылася паразай. У гэтым удзельнічаў прэзідэнт Анджэй Дуда. Кожны раз ішлося пра тое, як змяніць заканадаўства адносна Вярхоўнага суда ды Нацыянальнага судовага рэестру, а таксама Канстытуцыйнага суда, каб сваіх людзей паставіць звыш права.
Віцэ-спікер Сейму Кшыштаф Босак лічыць, што дадзеная справа сведчыць пра прававую анархію ў краіне.
- Тое, што мы бачым, з’яўляецца сведчаннем анархіі ў дзяржаве. Частка судоў ды дзяржаўных устаноў падпарадкоўваецца канстытуцыйным паўнамоцтвам прэзідэнта, прызнае выракі Канстытуцыйнага суда, Вярхоўнага суда. Другая частка суддзяў ды цяперашні ўрад не прызнаюць прэзідэнцкіх паўнамоцтваў і рашэнняў Канстытуцыйнага суда і частку рашэнняў Вярхоўнага суда.
Польскія СМІ звяртаюць увагу на тое, што прэзідэнт Анджэй Дуда мог бы цяпер законна памілаваць Каміньскага і Вонсіка, дзякуючы чаму яны маглі б пазбегнуць турэмнага пакарання. Аднак памілавання няма, бо гэтага не хоча старшыня партыі ПіС Яраслаў Качыньскі.
Штодзёнка «Gazeta Wyborcza» зазначае, што гэта робіцца, каб партыя магла мабілізаваць сваіх прыхільнікаў пад прэтэкстам абароны Польшчы ад злоўжыванняў новага ўрада. На чацвер палітыкі «Права і справядлівасці» склікаюць прыхільнікаў партыі на маніфестацыю пратэсту пад Сеймам.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч