Беларуская Служба

Польшча лічыць амерыканскую АЭС пытаннем бяспекі

22.01.2024 09:58
Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя выступіла з заявай па выніках сустрэчы кіраўніка міністэрства з паслом ЗША.
.
.sebaonflames/pixabay.com/CC0

У ёй яна падкрэслівае важнасць атамнай электрастанцыі на Памор’і з пункту гледжання бяспекі.

– Польшча бачыць перавагі выкарыстання ядзернай энергіі і яе каштоўнасць як асноўнай прамысловай тэхналогіі, якая робіць значны ўклад у барацьбу са змяненнем клімату і ў сацыяльна-эканамічнае развіццё. Польска-амерыканскае супрацоўніцтва ў гэтай сферы мае ключавое значэнне для забеспячэння энергетычнай бяспекі, асабліва ў сувязі з агрэсіяй Расіі супраць Украіны, – заявіла міністр клімату і навакольнага асяроддзя Паўліна Хэніг-Клоска па выніках сустрэчы з амбасадарам ЗША Марэкам Бжэзіньскім, паведамляе BiznesAlert.pl.

Польшча застаецца цалкам адданай працягванню стратэгічных адносін з ЗША ў галіне энергетыкі, у тым ліку перспектывы будаўніцтва польскіх АЭС у адпаведнасці з Польскай праграмай ядзернай энергетыкі. Як падкрэсліла кіраўнік Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя Паўліна Хеніг-Клоска, інвестыцыі ў ядзерную энергетыку з'яўляюцца стратэгічнай дзейнасцю, якая мае наступствы для геапалітычнай і энергетычнай бяспекі, дэкарбанізацыі, эканамічнага росту і тэхналагічнага прагрэсу ў Польшчы.

Міністр таксама адзначыла, што пытанне будаўніцтва атамнай энергетыкі ў Польшчы карыстаецца шырокай грамадскай падтрымкай. Апытанне, праведзенае ў снежні 2023 года, паказвае, што ў Польшчы пераважаюць прыхільнікі будаўніцтва АЭС. Падтрымка будаўніцтва АЭС цяпер складае 89,9%. Супраць гэтай ідэі выступае толькі 7,2% палякаў. Асабліва важна, што большасць апытаных (76,6%) станоўча выказваюцца за размяшчэнне АЭС у непасрэднай блізкасці ад месца жыхарства.

Польшча хоча мець першы рэактар у Паморскім ваяводстве ў 2033 годзе і 6-9 ГВт атамнай энергіі ў 2043 годзе.

ав/BiznesAlert.pl