Інстытут правёў якаснае даследаванне – інтэрв'ю з бежанцамі і эксперымент з рассыланнем сфабрыкаваных рэзюмэ ў адказ на рэальныя абʼявы аб працы. Адрозненні ў адказах працадаўцаў тычыліся абʼяў без патрабавання да спецыяльных навыкаў.
Намеснік дырэктара Польскага эканамічнага інстытута Анджэй Кубісяк адзначыў, што ў Польшчы самы высокі ў Еўропе ўзровень прафесійнай актыўнасці бежанцаў з Украіны – 65 працэнтаў. Але ён таксама звярнуў увагу на дыскрымінацыю на рынку працы.
«На польскім рынку працы таксама назіраецца нязначная, але ўсё ж дыскрымінацыя бежанцаў», – сказаў Анджэй Кубісяк. «Гэта зʼява не адрозніваецца ад таго, што адбываецца на іншых рынках. Гэта цалкам класічныя механізмы працаўладкавання работнікаў ніжэй за кваліфікацыю і кампетэнцыю. Гэта таксама больш нізкія заробкі. Сярэдні заробак бежанцаў у Польшчы бліжэй да мінімальнага заробку ў нашай краіне, чым да медыяннага ў эканоміцы», – сказаў намеснік дырэктара Інстытута.
Анджэй Кубісяк паведаміў, што пасля аналізу вынікаў даследавання PIE падрыхтаваў рэкамендацыі: уключэнне бежанцаў у сацыяльнае і эканамічнае жыццё, курсы польскай мовы, бо няведанне мовы – «галоўная перашкода» для працаўладкавання. Акрамя таго, ён звярнуў увагу на неабходнасць дэталёвага маніторынгу таго, што адбываецца з бежанцамі на польскім рынку працы і ўключэння дзяцей у сістэму адукацыі.
Бежанцы працуюць ніжэй за сваю кваліфікацыю часцей, чым даваенныя мігранты. Ключавым элементам у працэсе пошуку працы, асабліва ў кантэксце яе адпаведнасці навыкам, зʼяўляецца веданне мовы. Даследаванні паказваюць, што 82 працэнты бежанцаў, якія размаўляюць па-польску, працуюць. Гэта больш чым на 30 працэнтаў больш, чым сярод тых, хто не ведае польскай мовы.
IAR/вх