«Яе звалі Ліза, ёй было 25 гадоў, у яе былі карыя вочы і талент да стварэння капелюшоў. Яна прыехала жыць у Польшчу з-за небяспекі ў Беларусі. Мы ўжо не даведаемся, пра што яна марыла і што планавала – ноччу, у цэнтры Варшавы, у элітным раёне, яе жорстка згвалтавалі і забілі. Ніхто не адрэагаваў, ніхто не патэлефанаваў у службу 112.
Мы павінны адрэагаваць зараз. Мы вінны ёй. Мы выходзім на вуліцы ў яе гонар і ў памяць аб усіх жанчынах, якія падвергліся згвалтаванню. Мы не жадаем баяцца. Мы не жадаем, каб баяліся нашы дочкі і нашыя сяброўкі.
Тое, што здарылася з Лізай, магло адбыцца з любой з нас. Яе згвалціў і забіў «звычайны» чалавек. Мы выходзім на вуліцы, каб Ліза не была забытая. Каб вуліцы нарэшце сталі бяспечнымі для нас», – гаворыцца ў паведамленні арганізатараў мерапрыемства.
«Трагедыя Лізы адбылася ў цішыні. Ёй не дапамаглі, бо яна не крычала. Большасць жанчын падчас згвалтавання не крычаць – у выніку дысацыяцыі, адмаўлення або несвядомага стану. Маўчанне не азначае згоды. Яно можа быць крыкам аб дапамозе. Марш пройдзе ў цішыні», – пішуць арганізатары.
Марш пачнецца а 18:00 6 сакавіка ў сераду на месцы злачынства – вуліца Журавя ў польскай сталіцы.
Арганізатары заклікаюць прыходзіць на акцыю ў чорнай вопратцы.
Як паведамлялася, ноччу 25 лютага ў Варшаве на 25-гадовую беларуску Лізавету напаў 23-гадовы жыхар польскай сталіцы. Ён згвалціў яе і душыў. 1 сакавіка беларуска памерла ў шпіталі ў выніку смерці галаўнога мозгу.
Лізавета будзе пахаваная ў Варшаве. Гвалтаўніку і забойцу пагражае пажыццёвае пакаранне.
вс