Беларуская Служба

Польскія спецслужбы правяралі некаторых удзельнікаў Poland. Business Harbour – былы дырэктар Агенцтва ўнутранай бяспекі

22.07.2024 15:47
«У рамках праграмы прынамсі некалькі сот разоў мы выдалі негатыўную рэкамендацыю адносна замежнікаў, якія стараліся атрымаць візу».
             . 22  2024
Былы дырэктар Агенцтва ўнутранай бяспекі палкоўнік Кшыштаф Вацлавэк на паседжанні Камісіі ў Сейме Польшчы. 22 ліпеня 2024 года PAP/Paweł Supernak

Спецыяльная візавая праграма Poland. Business Harbour не была пагрозай для бяспекі дзяржавы, сказаў на паседжанні Камісіі Сейму па пытаннях г.зв. «візавай афёры» былы дырэктар Агенцтва ўнутранай бяспекі палкоўнік Кшыштаф Вацлавэк. Польскай спецслужбай ён кіраваў у 2020-2023 гадах.

Афіцэр звярнуў увагу на тое, што візы ў рамках праграмы атрымала 90 тыс. чалавек, у Польшча жа ўехала намнога менш замежнікаў.

- Трэба памятаць пра тое, што візы былі выдадзеныя правераным грамадзянам: было вядомае іх месца працы, пражывання і г.д. З 90 тыс. толькі 15-20 тыс. чалавек уехала ў Польшчу.

Палкоўнік Вацлавэк таксама сказаў, што паасобных замежных грамадзян, якія падавалі дакументы на візу ў рамках праграмы, правярала Агенцтва ўнутранай бяспекі.

- У рамках праграмы прынамсі некалькі сот разоў мы выдалі негатыўную рэкамендацыю адносна замежнікаў, якія стараліся атрымаць візу. Хачу звярнуць увагу на тое, што іншаземец, атрымаўшы візу, не мае абавязку пакінуць сваю краіну і ўехаць у дзяржаву, якая выдала візу. Ніхто з замежнікаў, хто прыехаў у Польшчу на падставе згаданай праграмы, не прымаў удзелу ані ў якім інцыдэнце, накіраваным супраць бяспекі нашай дзяржавы.

Poland. Business Harbour – праграма, прапанаваная Польшчай, мэтай якой было супрацоўніцтва і прыцягненне замежных спецыялістаў ды кампаній з Усходняй Еўропы ў сферу ІТ. Праграма працавала з 2020 да пачатку 2024 года. 95% усіх віз, выдадзеных у рамках праграмы, атрымалі грамадзяне Беларусі.

Камісія Сейму Польшчы, якая займаецца гэта званай «візавай афёрай», ацэньвае законнасць дзеянняў дзяржорганаў і расследуе выпадкі злоўжыванняў пры выдачы польскіх віз і легалізацыі замежнікаў у краіне з 1 студзеня 2019 года па 20 лістапада 2023 года.

вс