Учора ў Варшаве былі ўручаныя дыпломы стыпендыяльнай праграмы міністра культуры і нацыянальнай спадчыны «Gaude Polonia». Праграма мае на мэце падтрымку маладых творцаў (да 40 гадоў, у выключных выпадках да 45 гадоў): мастакоў, перакладчыкаў і навукоўцаў, якія займаюцца культурай з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Стыпендыі аказваюць рэальную дапамогу мастакам з рэгіёна, пацярпелага ад расійскай агрэсіі, а дзякуючы знаходжанню ў Польшчы яны могуць працягваць прафесійную дзейнасць. Стыпендыі выдзяляюцца двойчы на працягу года: з 1 лютага па 31 ліпеня 2024 года і з 1 ліпеня па 31 снежня 2024 года.
– «Gaude Polonia» – важная стыпендыяльная праграма, якая з’яўляецца элементам палітыкі міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, Усходняга партнёрства і культурнай дыпламатыі. Стыпендыі для мастакоў з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы – гэта не толькі матэрыяльная дапамога, але і выраз падтрымкі талентаў і абмену ведамі і вопытам. Культура з'яўляецца асновай нашай супольнасці, і яе развіццё дапамагае фармаваць адкрытыя і талерантныя грамадствы. Я перакананая, што, падтрымліваючы мастакоў з краін нашага рэгіёну, мы не толькі ўмацоўваем культурныя сувязі, але і будуем трывалую інтэграваную супольнасць краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, – падкрэсліла Марта Цэнкоўска з Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны.
Праграмай «Gaude Polonia» карыстаюцца творцы са значнымі дасягненнямі ў той ці іншай галіне. Умовамі атрымання стыпендыі з’яўляюцца: цікавая канцэпцыя стыпендыяльнага праекта, станоўча ацэненая камісіяй, і як мінімум камунікатыўнае валоданне польскай мовай. Шасцімесячнае знаходжанне ў Польшчы дазваляе замежным мастакам знаёміцца з польскай культурай, рэалізаваць уласныя праекты і павышаць кваліфікацыю ў культурных і навуковых установах Польшчы пад кіраўніцтвам вядомых польскіх мастакоў, творцаў і навукоўцаў. У рамках стыпендыі «Gaude Polonia» Нацыянальны цэнтр культуры – са сродкаў міністра культуры – фінансуе ўдзельнікам набыццё матэрыялаў для творчасці, дапамогу індывідуальнага апекуна, пражыванне і харчаванне на працягу шасці месяцаў знаходжання ў Польшчы.
– З 2003 года Нацыянальны цэнтр культуры (NCK ) кіруе праграмай «Gaude Polonia» ад імя Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны. Гэта важная стыпендыяльная праграма, якая служыць інтэграцыі і мастацкаму абмену паміж мастакамі з Польшчы і краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. З моманту заснавання (2003-2024) было прысуджана 962 стыпендыі. Падчас сёлетняга выдання «Gaude Polonia», агульны бюджэт якога складае больш за 3 мільёны злотых, мы прымаем у Польшчы 48 стыпендыятаў з Украіны, Беларусі, Малдовы і Арменіі. NCK на працягу многіх гадоў працуе над стварэннем культурных мастоў і мастацкага дыялогу з краінамі нашага рэгіёну, асабліва з Украінай і Беларуссю. Творцы і артысты з гэтых краін прыязджаюць у Польшчу не толькі ў рамках «Gaude Polonia», мы запрашаем іх кожны год на фестывалі. Гэтыя мерапрыемствы дазваляюць будаваць і ўмацоўваць партнёрства з суседзямі і краінамі Цэнтральнай Еўропы. Удзельнікі адкрываюць новыя перспектывы, ідэі і каштоўнасці ў нашу агульную культурную спадчыну, – заявіў Роберт Пяскоўскі, дырэктар Нацыянальнага цэнтра культуры.
Пераможцы сёлетняга выдання «Gaude Polonia» рэалізуюць праекты ў розных галінах: кіно, літаратура, музыка, ахова помнікаў, выяўленчае мастацтва, танец і тэатр. Сярод іх ёсць выдатныя творцы, у тым ліку: з Украіны: Ірына Мельнік (оперная спявачка), Іван Пачота (кампазітар), Вольга Казлан (піяністка), Марыя Шаўчэнка (рэжысёр), з Беларусі: Ірына Брэль (рэжысёр), Аляксандр Мышкевіч (музыка), Уладзімір Лянкевіч (паэт і перакладчык), таксама Татэў Хачатрыян – перакладчык з Арменіі і Іон Вірлан – музыкант з Малдовы. Стыпендыяты рэалізуюць праекты ў прэстыжных польскіх універсітэтах і культурных установах па ўсёй Польшчы.
NCK/IAR/нг