Беларуская Служба

Сацыёлагі: 90 працэнтаў палякаў падтрымліваюць грамадзянскае партнёрства

26.07.2024 16:12
Стаўленне палякаў да легалізацыі грамадзянскага партнёрства розніцца ў залежнасці ад таго, ці гэта аднаполыя, ці разнаполыя адносіны.
Ілюстрацыйнае фотаImage by olcay ertem from Pixabay/CC0

90 працэнтаў рэспандэнтаў ухваляюць магчымасць афіцыйнага афармлення адносін паміж мужчынам і жанчынай, а 52 працэнты падтрымлівае легалізацыю для аднаполых пар, вынікае з апытання CBOS.

«Пераважная большасць апытаных (90 працэнтаў супраць толькі 6 працэнтаў, якія прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання) ухваляюць магчымасць афіцыйнага афармлення партнёрскіх адносін паміж жанчынай і мужчынам. Менш, крыху больш за палову (52 працэнты), выказваюцца за легалізацыю такіх адносін для аднаполых пар, у той час як больш за дзве пятых (43%) лічаць, што такой магчымасці быць не павінна», – зазначаюць сацыёлагі.

Дадзеныя CBOS паказваюць, што на пытанне: «Як вы лічыце, ці павінны жанчына і мужчына, якія жывуць разам, мець магчымасць заключыць афіцыйныя партнёрскія адносіны?» 65 працэнтаў рэспандэнтаў адказалі «безумоўна так», «хутчэй так» – 25 працэнтаў, «хутчэй не» і «дакладна не» – па 3 працэнты, «цяжка сказаць» – 4 працэнты.

На аналагічнае пытанне аб магчымасці ўступлення двух людзей аднаго полу ў афіцыйныя партнёрскія адносіны адказалі «адназначна так» – 27%, «хутчэй так» – 25%, «хутчэй не» – 15%, «адназначна не» – 28 працэнтаў, »цяжка сказаць« – 5 працэнтаў.

Апытанне паказвае, што, на думку рэспандэнтаў, людзі, акрамя шлюбу, павінны мець права вырашаць пытанне аб пахаванні свайго памерлага партнёра (93%) і атрымліваць медыцынскую інфармацыю і прымаць рашэнні, звязаныя з лячэннем (91%). «Пераважная большасць таксама выступае за магчымасць атрымання дапамогі пры даглядзе за партнёрам (87%), а таксама медыцынскую страхоўку гэтага чалавека (82%)», – гаворыцца ў даследаванні.

76 працэнтаў палякаў ухваляюць магчымасць атрымання ў спадчыну маёмасці партнёра (15% супраць), сумеснага падаткаабкладання (74% за, 17% супраць), а таксама ўсынаўлення, гэта значыць юрыдычнага прызнання сваім дзіцяці свайго партнёра (74% за, 18 працэнтаў супраць).

Даследаванне праводзілася на рэпрэзентатыўнай выбарцы дарослых жыхароў Польшчы, узятай з рэестра PESEL з 4 па 14 ліпеня бягучага года.