Беларуская Служба

Сувязісткі, медсёстры, суправаджальныя па каналізацыйных каналах. Выстава пра жанчын Варшаўскага паўстання

03.08.2024 17:12
Мяркуецца, што ў Варшаўскім паўстанні ўдзельнічалі да 12 тысяч жанчын, яны складалі каля 20% усіх паўстанцаў.
.
.фота: Muzeum Niepodległości

Былі сувязнымі, санітаркамі, вадзілі мірных жыхароў па каналізацыйных каналах, удзельнічалі ў баявых дзеяннях. У сядзібе Музею Незалежнасці адкрылася выстава «Служба ўдзельніц жаночага вайсковага збору ў Варшаўскім паўстанні».

«На выставе можна даведацца гісторыі пятнаццаці жанчын, – распавядае каардынатар выставачнага праекта Наталля Дудзец з Нацыянальнай групы гістарычнай рэканструкцыі жаночага вайсковага навучання. – У нас ёсць сувязісткі, медсёстры, суправаджальныя па каналізацыйных каналах, але ёсць і маці, ёсць спадарыня Галіна Вішнеўская, якая 1 жніўня нарадзіла сына і ўвесь гэты час прасядзела ў падвалах. Мы маем таксама такіх дзеячаў, як Ванда Герц, якая пачала сваю ваенную кар'еру ў Легіёнах Пілсудскага ў мужчынскім адзенні, або спадарыня Стэфанія Кудзельская, якая была сенатарам у даваенныя гады».

Намесніца дырэктара Музею незалежнасці доктарка Беата Міхалец падкрэслівае, што роля жанчыны ў Варшаўскім паўстанні была надзвычай важнай. «Гэтая выстава распавядае пра ўдзел жанчын у Варшаўскім паўстанні, прычым не толькі ў вайсковых шэрагах, але і пра жанчын, якія былі сярод мірнага насельніцтва, бо нехта павінен быў гатаваць абед для паўстанцаў, нехта павінен быў даглядаць дзяцей, якіх было шмат, часам без дагляду, таму трэба было клапаціцца пра дзяцей», – сказала яна.

Мяркуецца, што ў Варшаўскім паўстанні ўдзельнічалі да 12 тысяч жанчын, яны складалі каля 20% усіх паўстанцаў.

ав