МЗС выказала „шчырае прызнанне” беларускаму народу, які 9 жніўня 2020 года бескампрамісна адстаяў свае перакананні і бачанне Беларусі як незалежнай, суверэннай і дэмакратычнай прававой дзяржавы.
„Натхняе і заслугоўвае павагі пазіцыя беларусаў, якія, не маючы іншых інструментаў уплыву на цэнтр прыняцця рашэнняў у Мінску, вырашылі выйсці на вуліцы і пратэставаць супраць невыканання сваіх асноўных правоў”, напісана ў заяве.
Зазначаецца, што „ад самага пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі Польшча падтрымлівала перад усім звычайных беларусаў, якія з-за сваіх палітычных перакананняў і імкнення дамагчыся правоў развітай грамадзянскай супольнасці сталі аб’ектам сiстэмнага пераследу з мэтай любой цаной захаваць статус-кво”.
МЗС нагадала, што ў Польшчы сотні тысяч беларусаў знайшлі і знаходзяць прытулак і глебу для свабоднай грамадзянскай дзейнасці, магчымасць культываваць уласныя традыцыі, культуру, мову і ўмацоўваць уласную нацыянальную ідэнтычнасць.
„Гэтая падтрымка будзе аказвацца ім столькі, колькі спатрэбіцца”, абяцае ў заяве польскае МЗС .
„Міністэрства замежных спраў выказвае непахісную салідарнасць з беларускім народам, які заслугоўвае быць часткай еўрапейскай дэмакратычнай сям'і. Мы працягваем заклікаць беларускія ўлады да вызвалення і апраўдання Анджэя Пачобута і ўсіх палітвязняў, а таксама да безумоўнага дыялогу з уласным грамадствам”, гаворыцца ў заяве прымеркаванай да 4-гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, з якіх пачаўся ціск і рэпрэсіі беларускіх уладаў у дачыненні да ўласнага народу.
яс