Беларуская Служба

Анджэй Дуда ў Кіеве: Мы ведаем, што незалежнасць не даецца адзін раз і назаўсёды

24.08.2024 10:14
Прэзідэнт Анджэй Дуда пачаў візіт ва Украіну. Кіраўнік дзяржавы прымае ўдзел у святкаванні 33-й гадавіны незалежнасці Украіны. Анджэй Дуда сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
    .
Прэзідэнт Анджэй Дуда ў Кіеве.PAP/Vladyslav Musiienko

Анджэй Дуда бярэ ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды 33-й гадавіны незалежнасці Украіны. Інфармацыю пра візіт трымалі ў сакрэце з меркаванняў бяспекі. Чакаецца прыезд і іншых лідараў.

Падчас візіту ва Украіну Анджэй Дуда сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Прэзідэнт ужо ўсклаў кветкі да Сцяны памяці загінуўшых за Украіну ў Кіеве.

— Вы змагаецеся сёння за свабоду. А мы, палякі, як мала які народ на свеце, ведаем, што незалежнасць не даецца адзін раз і назаўсёды. У нашай гісторыі перажывалі мы трагічныя хвіліны, страчвалі суверэннасць двойчы, і двойчы з нечалавечымі высілкамі вярталі яе. Гісторыя маёй краіны, Польшчы, ёсць яскравым прыкладам, што бязмежная любоў да свабоды мусіць прывесці да перамогі, — сказаў Анджэй Дуда ў Кіеве.

У сваёй прамове падчас цырымоніі Дуда, звяртаючыся да ўкраінцаў, падкрэсліў, што «Польшча з вамі, яна была з вамі ад самага пачатку расійскай агрэсіі».

«Ваш дзень незалежнасці — гэта ў пэўным сэнсе і дзень незалежнасці ўсёй Цэнтральнай Еўропы, таму што без незалежнай Украіны цяжка думаць пра незалежную і бяспечную Польшчу, Літву ці іншыя краіны нашага рэгіёну. Мы гэта добра ведаем і таму я яшчэ больш рады, што мы сёння тут разам», — падкрэсліў Дуда.

24 жніўня 1991 года Вярхоўная Рада тады яшчэ Украінскай ССР прыняла Акт абвяшчэння незалежнасці, які затым быў ухвалены на рэферэндуме 1 снежня 1991 года. Польшча была першай краінай у свеце, якая прызнала незалежнасць Украіны. Нацыянальнае свята праходзіць у ценю вайны, якая адбываецца ва Украіне.


Spotkanie prezydentów Polski i Ukrainy Spotkanie prezydentów Polski i Ukrainy

Гэта пяты візіт Анджэя Дуды ў Кіеў. Першы візіт адбыўся 23 лютага 2022 года, непасрэдна перад пачаткам поўнамаштабнага расійскага ўварвання.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі павіншаваў усіх украінцаў з Днём незалежнасці Украіны. Ён  заявіў, што сённяшняя незалежная Украіна эфектыўна адказвае на расійскую агрэсію шляхам правядзення ўласнага наступу на расійскую зямлю.

— Сёння мы святкуем 33-ці Дзень незалежнасці Украіны. Тое, што наш вораг прынёс на нашы землі, цяпер вярнулася ў сваю краіну. Той, хто хацеў стварыць з нашай зямлі нейкую буферную зону, павінен цяпер хвалявацца, каб яго краіна не стала буфернай федэрацыяй. Гэта адказ на незалежнасць, — сказаў Зяленскі.


Паводле PAP/IAR/вх