Беларуская Служба

Польскі урад распрацаваў бюджэт на 2025 год

28.08.2024 15:40
Прэм'ер-міністр Дональд Туск: мы хочам спалучыць эканамічны рост з фінансавай бяспекай грамадзян
      -   -         2025
Прэм'ер міністр Польшчы Дональд Туск падчас прэс-канферэнцыі ў канцылярыі прэм'ер-міністра ў Варшаве пасля прыняцця ўрадам праекта бюджэту на 2025 годPAP/Paweł Supernak

Урад Польшчы прыняў праект закона аб бюджэце на наступны год. Паводле заяў палітыкаў, у новым бюджэце будзе спыненая праграма субсідзіравання жыллёвых крэдытаў. Узамен сродкі плануецца накіраваць на развіццё сацыяльнага жылля.

«Мы змаглі! У прынятым урадам польскім бюджэце на будаўніцтва жылля выдзяляецца 4,3 мільярда злотых. Гэта больш чым на 50 працэнтаў, чым у гэтым годзе! Добрая навіна: у бюджэце закладзена 0 злотых на 0-працэнтныя крэдыты», — напісала міністр фондаў і рэгіянальнай палітыкі Катажына Пэлчыньска-Налэнч.

«Мы хочам спалучыць эканамічны рост Польшчы з фінансавай бяспекай для грамадзян, асабліва тых, хто мае найбольшую патрэбу», — заявіў польскі прэм'ер-міністр Дональд Туск. «Новы бюджэт у межах адказнасці, але ў той жа час гэта вельмі шчодры бюджэт», — сказаў кіраўнік урада падчас прэс-канферэнцыі:

- Мы хочам, каб быў эканамічны рост, які зноў будзе рэкордным у параўнанні з апошнімі гадамі: 3,1% сёлета і 3,9% у будучым годзе. Мы будзем трымаць пад кантролем інфляцыю. Але для нас эканамічны рост азначае таксама павелічэнне сродкаў у кішэні кожнага паляка і полькі. Адно другому не перашкаджае. Гэта дасягненне, якім мы можам ганарыцца. 

У сярэдзіне чэрвеня ўрад прыняў арыенціры для праекта бюджэту на наступны год. Прагназуецца, што рост ВУП у 2025 годзе складзе 3,7 працэнта, сярэднегадавая інфляцыя - 4,1 працэнта. Зафіксаванае беспрацоўе ў канцы 2025 года складзе 4,9 працэнта. У сярэднім зарплаты вырастуць на 7,1 працэнта, на прадпрыемствах - на 7,3 працэнта. Тэмп росту сярэднегадавой заработнай платы ў бюджэтнай сферы ў 2025 годзе плануецца намінальна скласці 104,1 працэнта.

Праект бюджэту цяпер пойдзе ў Раду сацыяльнага дыялогу, а затым на кансультацыі у Сейм. Урад павінен падрыхтаваць бюджэт на новы год і ўнесці яго на разгляд у парламент да 30 верасня.

ПР/юл