Беларуская Служба

Паліцыя канфіскавала наркотыкі, якія маглі б забіць больш за чатыры мільёны чалавек

30.08.2024 14:10
Наркатычныя рэчывы былі прызначаныя на еўрапейскі рынак.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/rebcenter-moscow

Польская і ўкраінская паліцыя распрацавалі злачынную групоўку, якая займалася вытворчасцю наркотыкаў. Усяго ў выніку дзеянняў паліцыі была ліквідаваная найбуйнейшая ў Еўропе лабараторыя па вытворчасці метадону і канфіскавана 175 кілаграм гэтага рэчыва. Украінская паліцыя ліквідавала меншую лабараторыю і канфіскавала 20 кілаграм метадону.

Як расказаў на прэс-канферэнцыі прадстаўнік Цэнтральнага следчага ўпраўлення Міхал Александровіч (Michał Aleksandrowicz), гэта першая аперацыя з канфіскацыяй дадзенага віду наркотыкаў. «Метадон – гэта рэчыва, якое з'яўляецца сінтэтычным апіоідам, яно таксама выкарыстоўваецца ў лячэнні людзей, але ў дадзеным выпадку рэчыва было ў крышталізаванай форме. Гэта не тая форма, якая даступная на медычным рынку, яна прысутнічае толькі на нелегальным рынку наркотыкаў», – заявіў паліцыянт.

Александровіч дадаў, што гэтае рэчыва надзвычай небяспечнае для людзей. «Смяротная доза метадону для дарослага чалавека складае 50 міліграмаў. 195 кілаграм, канфіскаваных польскімі і ўкраінскімі службамі, гэта смяротная доза для больш чым чатырох мільёнаў чалавек».

Падчас ліквідацыі лабараторыі паліцыя таксама канфіскавала 153 кілаграмы іншых рэчываў, якія маглі быць выкарыстаныя для вытворчасці наркотыкаў. Затрымана 7 чалавек, якія вельмі каштоўныя для следства, бо яны прымалі непасрэдны ўдзел у вытворчасці.

Кошт канфіскаваных 195 кілаграмаў метадону на чорным рынку складае больш за 43 мільёны злотых, а іншых рэчываў – прыкладна 9 мільёнаў злотых.

IAR/нг