Беларуская Служба

44 гады таму польскія рабочыя ў Гданьску пачалі працэс разбурэння камуністычнай сістэмы

31.08.2024 08:18
Сёння ў Польшчы Дзень Салідарнасці і волі, які ўшаноўвае падпісанне «Жнівеньскіх пагадненняў» 1980 г. у Гданьску
  -      80-
Гданьская суднаверф - адзін з сімвалаў забастовак жніўня 80-хPolskie Radio

Падпісанне «Жнівеньскіх пагадненняў» было пачаткам развалу камуністычнай сістэмы ў Польшчы і Усходняй Еўропе – кажа дырэктар Адукацыйнага бюро Інстытуту нацыянальнай памяці доктар Сэбасцьян Пілярскі. Прайшлі 44 гады з моманту падпісання камуністычнымі ўладамі і пратэстуючымі рабочымі «Жнівеньскіх пагадненняў».

31 жніўня 1980 года, пасля 18 дзён забастоўкі на Гданьскай суднаверфі, пасля таго, як 700 заводаў з усёй Польшчы далучыліся да пратэстаў, і пасля шматдзённых перамоваў паміж страйкоўцамі і ўрадам, была падпісаная гістарычная дамова. Гэта адкрыла шлях да стварэння прафсаюзу «Салідарнасць» і дало пачатак палітычным зменам у Польшчы.

Доктар Пілярскі нагадвае, што падпісанне «Жнівеньскіх пагадненняў» стала пераломнай падзеяй у гісторыі Еўропы.

- Падпісанне «Жнівеньскіх пагадненняў», якія паклалі канец хвалі страйкаў, што пракацілася па Польшчы ў ліпені і ў жніўні 1980 года, стала беспрэцэдэнтнай падзеяй у гісторыі Еўропы, той часткі, у якой пасля 1945 года дамінаваў Савецкі Саюз. «Жнівеньскія пагадненні» прывялі да стварэння цалкам незалежнай, дэмакратычнай прафсаюзнай арганізацыі, якая засталася па-за кантролем камуністычных уладаў, гэта значыць незалежнага прафсаюза «Салідарнасць».

Днём раней, 30 жніўня, падобныя дамовы былі падпісаныя ў Шчэціне, але падпісанне дамоваў у Гданьску стала сімвалам згоды камуністаў з чаканнямі працоўных – падкрэслівае доктар Пілярскі.

- Самым галоўным патрабаваннем была згода ўладаў на рэгістрацыю незалежнай прафсаюзнай арганізацыі. Работнікі верфі патрабавалі даць ім права на страйк, патрабавалі спыніць пераслед прадстаўнікоў апазіцыі і ўшанаваць памяць ахвяр масавых забойстваў, учыненых камуністамі ў снежні 1970 г. у Гданьску, Гдыні, Шчэціне і Эльблёнгу. Таму можна сказаць, што пагадненне было пэўным рэзюмэ сацыяльных чаканняў, тлумачыць гісторык.

Найбольшым дасягненнем пратэстоўцаў стала рэгістрацыя 10 лістапада 1980 г. Незалежнага прафсаюзу «Салідарнасць».

Неўзабаве пасля рэгістрацыі «Салідарнасць» налічвала амаль 10 мільёнаў чальцоў. Прафсаюзныя арганізацыі ствараліся на ўсіх прадпрыемствах і ва ўстановах, акрамя міліцыі і арміі.

Дзейнасць «Салідарнасці» была перапыненая ўвядзеннем 13 снежня 1981 года Войцехам Ярузельскім ваеннага становішча. У кастрычніку 1982 г. быў забаронены незалежны прафсаюз «Салідарнасць».

У 2005 годзе Сейм прызначыў 31 жніўня дзяржаўным святам. Гэта Дзень салідарнасці і волі.

яс/IAR