Беларуская Служба

У Польшчы прадставілі вынікі кантролі сістэмы псіхалагічнай падтрымкі дзяцей і моладзі

10.09.2024 16:03
Высновы не суцяшальныя.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePixabay/Counselling

Не змяншаецца колькасць дзяцей і падлеткаў з псіхічнымі расстройствамі, а сістэма падтрымкі неэфектыўная - папярэджваюць аўдытары Вышэйшай кантрольнай палаты. Установа правяла праверку сістэмы псіхалагічнай і псіхіятрычнай дапамогі дзецям і падлеткам у 2020-2023 гадах. Па словах Караліны Віршыц-Сіткоўскай (Karolina Wirszyc-Sitkowska) з аддзялення палаты ў Познані, сістэма не дае моладзі дастатковай падтрымкі.

- Міністр адукацыі і навукі з 2017 года прымаў крокі па змяненні сістэмы падтрымкі, якія, аднак, аказаліся неэфектыўнымі. Шматгадовая праца над праектам закона аб падтрымцы дзяцей, вучняў і сем'яў была прыпыненая рашэннем міністэрства адукацыі і навукі ў ліпені 2022 г. Між іншым, адмовіліся ад стварэння Цэнтраў дзіцяці і сям’і, якія павінны былі каардынаваць дапамогу.

Пытанні псіхічнага здароўя таксама былі выдаленыя з асноўнай школьнай праграмы. Вышэйшая кантрольная палата прапануе, у прыватнасці, каардынаваць супрацоўніцтва паміж міністэрствамі аховы здароўя і адукацыі.

Абавязак супрацоўніцтва наклала Нацыянальная праграма аховы псіхічнага здароўя. Аднак эфектыўнае ўзаемадзеянне ўстаноў падтрымкі дзяцей і іх сем'яў адсутнічае. Таму Вышэйшая кантрольная палата накіравала абодвум міністрам просьбы ажыццяўляць скаардынаванае і міжсектарнае супрацоўніцтва, якое будзе аказваць падтрымку з моманту першых цяжкасцяў і ў крызісных сітуацыях.

Таксама аўдытары ВКП падалі заявы ў пракуратуру, у тым ліку адносна прымянення прамога прымусу ў псіхіятрычных аддзяленнях і асабістых даглядаў маладых пацыентаў. Яны адзначылі адсутнасць інструкцый адносна гэтых дзеянняў ва ўсіх правераных шпіталях.

IAR/нг