Кангрэс сабраў гісторыкаў і шырэй даследчыкаў рэгіёну з розных краін Еўропы, не толькі з Польшчы, Літвы, Украіны ды Беларусі. Але галоўны яго пасыл, што гісторыя моцна пераклікаецца з сучаснасцю і шмат чаму можа навучыць. Пра гэта казаў падчас адкрыцця дырэктар Цэнтру ўсходніх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту Ян Маліцкі
- Адкрываем ІІ кангрэс даследчыкаў гісторыі Польшчы, Літвы, Украіны ды Беларусі. Я спецыяльна звятраю на гэта ўвагу, бо не ідзецца толькі пра гісторыкаў, але шырэй – даследчыкаў. Да нас прыехалі госці і з Вялікабрытаніі, Германіі ды іншых краін. Гаспадаром сустрэчы з’яўляецца Варшаўскі ўніверсітэт.
«Супольная гісторыя лічыць шмат стагоддзяў, нягледзячы на палітычныя змены. Сённяшняя Варшава рада вітаць суседзяў», зазначыў рэктар Варшаўскага ўніверсітэта Зыгмунт Ляляк.
- Наша супольная гісторыя мае шмат стагоддзяў, пачаўшы ад Кіеўскай Русі. Далейшая наша гісторыя была радасная, але і драматычная: змяняліся межы, таксама як і дзяржаўныя ўтварэнні. Аднак гэта наша супольная гісторыя. Гэта працэсы, у якіх бралі ўдзел нашыя народы. Іх разуменне будзе ўплываць на тое, як падобныя праблемы паўтараюцца, нягледзячы на прагрэс. Варшава рада вітаць суседзяў: Украіну, Беларусь ды Літву і прапануе шмат цікавых культурных мерапрыемстваў.
Прадстаўніца амбасады Літвы Галіна Малінене падкрэсліла, што Кангрэс – гэта нагода паразважаць над сучаснасцю праз прызму гісторыі ды нагадала важнасць падтрымкі для Украіну ў барацьбе супраць агрэсіі ды дэмакратычную Беларусь.
- За 30 год незалежнасці Літвы супраца паміж нашымі даследчыкамі развіваецца. Кангрэс упершыню адбыўся летась у Вільні. Веру, што ў будучыні сустрэчы гісторыкаў будуць адбывацца ў Кіеве ды Мінску. Кангрэс гэта нагода не толькі зірнуць у мінулае, але і паглядзець на сучаснасць. Гэта магчымасць абмену поглядамі. Нашай наважнейшай задачай цяпер з’яўляецца дапамога Украіне ў спыненні расійскай агрэсіі ды падтрымка для дэмакратычных сіл Беларусі.
Прадстаўніца ўкраінскай амбасады Ларыса Сідарэнка падкрэсліла, што гістарычныя сувязі паміж рэгіёнамі даўнія ды працягваюцца ў цяперашняй сітуацыі.
У формуле Кангрэсу прадугледжвецца ўдзел афіцыйных прадстаўнікоў 4 дзяржаў. Беларусь прадстаўляў не чыноўнік лукашэнкаўскага рэжыму, а прадстаўнік дэмакратычных сіл Аліна Коўшык, якая зазначыла, што «важна глядзець на гісторыю, як на крыніцу натхнення на дзеянні», і выказала надзею на тое, што «беларусы таксама змогуць дамагчыся перамогі і напісаць сваю ўласную гісторыю».
Аліна Коўшык на Кангрэсе даследчыкаў гісторыі Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі «Гістарычная супольнасць чатырох народаў – спадчына ідэй і будучыя перспектывы».
Арганізатары выказалі спадзяванні, што неўзабаве настануць часы, калі Кангрэс зможа адбыцца ва Украіне ды Беларусі.
2-гі Кангрэс даследчыкаў гісторыі Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі працягнецца ў польскай сталіцы да 16-га верасня 2024 г.
яс/юл