Беларуская Служба

На паўднёвым захадзе Польшчы працягваецца змаганне з наступствамі моцных дажджоў

15.09.2024 07:40
На рэках Польшчы ў 85 месцах перавышаны трывожны ўзровень вады, яшчэ ў 45 месцах вада набліжаецца да небяспечнага ўзроўню.
Ілюстрацыйны здымакPAP/Tomasz Golla

Гэта вынік інтэнсіўных ападкаў ў Малапольскім і Сілезскім ваяводствах. Станцыя Брэнна ў Сілезскім ваяводстве фіксуе амаль 200 мм ападкаў. Шмат станцый на поўдні ваяводства з ападкамі вышэй за 100 мм.
Вельмі небяспечная сітуацыя пануе ў раёне Клодзка ў Ніжняй Сілезіі.

Паводле звестак Інстытута метэаралогіі і воднай гаспадаркі, месцамі выпала больш за 30 літраў вады на квадратны метр за гадзіну. Гэта прыводзіць да павелічэння вады ў рэках, дзе папераджальны ды трывожныя ўзроўні ўжо перавышаны. У Сілезскім ваяводстве назіраецца хуткі рост узроўню вады, таму існуе лякальная небяспека раптоўных паводак.

Паводка ўжо адбылася ў Бельску-Бялэй. Вада падтапіла, у тым ліку, жылы масіў па вул. Звежынецка ў паўднёва-заходнім раёне горада. Таксама вада заліла ўчасткі па вул. Мендзыжэцкай у мястэчку Ясеніца Бельскага павету. Ва ўсім павеце адсутнічае электрычнасць.

На паўднёвым захадзе Польшчы працягваецца барацьба з наступствамі моцных дажджоў. Найбольш складаная сітуацыя ў раёне Клодзка ў Ніжняй Сылезіі і Глухолазы ў Апольскім рэгіёне.

У мястэчку Строне Сьлёнске вада пералілася праз дамбу. У горадзе няма электрычнасці, жыхароў эвакуіруюць.
Таксама вада пераадолела плаціну ў Мендзыгужы каля Быстрыцы-Клодзкай. Мэр гораду Рэната Сурма заявіла Польскаму радыё, што сітуацыя ў Быстрыцы вельмі складаная. Не ўсе жыхары скарысталіся магчымасцю эвакуацыі. Вада ўжо затапіла некаторыя вуліцы ў горадзе. Падобная сітуацыя і ў Клодзку. На апублікаваных у сацсетках відэа відаць затопленыя вуліцы і дамы. Мясцовыя ўлады заклікаюць жыхароў горада і ваколіц перабрацца на больш высокія паверхі або ў бяспечныя месцы.

Цяжкая сітуацыя і ў Лёндэку-Здруі. Мясцовыя ўлады заклікаюць жыхароў скарыстацца магчымасцю эвакуацыі.
Узровень вады ў Глухалазах у Апольскім ваяводзтве ўвесь час расце. Узровень вады ў рацэ Бела Глухаляска ўсё яшчэ падымаецца, наблізіўшыся да стану з 1997 года, гэта значыць 380 сантыметраў. Барацьба за мясцовы мост працягваецца. Службы ўмацоўваюць яго структуру, дадаючы каменныя блокі. Пры пашкоджанні моста вада пацячэ па насыпах.

Мэр Глухалазаў Павел Шымковіч звярнуўся да жыхароў прырэчных раёнаў з просьбай аб самаэвакуацыі. Гэта ж тычыцца горада і вёсак уздоўж пакі Бела-Глухаляска. Таксама да эвакуацыі заклікаюць улады гмінаў Браніцы, Блішчыцы, Браніцкі Замак, Дзяржкавіцы і Бабалушкі. Небяспечна і ў Рацлавіцах Сьлёнскіх. Таксама вада заліла вуліцу Біскупава ў гміне Глухолазы. У сваю чаргу апольская паліцыя эвакуіруе жыхароў вёскі Глонбецка ў раёне Бжэг.

Прэм’ер-міністр Дональд Туск пасля сустрэчы са службамі і прадстаўнікамі мясцовых уладаў у Нысе абвясціў, што пацярпелыя ад паводкі атрымаюць дзяржаўную дапамогу. Кіраўнік урада таксама папрасіў усіх, хто жыве ў месцах, дзе вада падымаецца вышэй, прыслухоўвацца да ўказанняў пажарных і паліцыі. Раніцай прэм'ер-міністр узяў удзел у брыфінгу службаў, якія ўдзельнічаюць у выратавальнай аперацыі.

У звязку з сітуацыяй з паводкай у 111-м батальёне лёгкай пяхоты ў Кракаве віцэ-прэм'ер Уладзіслаў Касіняк-Камыш размаўляў з камандным складам Войска Польскага. Вайскоўцы разам са службамі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, умацоўваюць супраць паводкавыя дамбы і ахоўваюць іншыя месцы, якія знаходзяцца пад пагрозай затаплення. Яны таксама рэагуюць на патрэбы мясцовых уладаў і жыхароў небяспечных раёнаў.

Метэаролагі папярэджваюць, што сённяшняя паводкавая сітуацыя будзе ўскладняцца моцным ветрам. Па-ранейшаму дзейнічае самы высокі ўзровень папярэджання.

ПР/юл