Еўрасаюз перасцерагае Польшчу перад яе планам прыпынення права на прытулак. Брусель заяўляе, што ЕС можа абараняць сябе ад Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, якія выкарыстоўваюць мігрантаў у якасці «зброі», але не можа пайсці на кампраміс у каштоўнасцях.
Кіроўная «Грамадзянская кааліцыя» хоча часова прыпыніць права на прытулак у Польшчы. Такое рашэнне пазаўчора агучыў прэм’ер Дональд Туск падчас партыйнага з’езду ў Варшаве. Гэтыя заявы крытыкуюць, у тым ліку, праваабарончыя арганізацыі.
Дэпутат ад «Грамадзянскай кааліцыі» Мацей Врубэль(Maciej Wróbel) заявіў у эфіры Польскага радыё 24, што часовае прыпыненне права на прытулак не азначае парушэння правоў чалавека ў краіне:
- Гэта не азначае пагрозы, што ў Польшчы раптам перастануць паважаць правы чалавека. Права на прытулак, гэта толькі адна з формаў абароны. Трэба памятаць, што як міжнароднае, так і нацыянальнае права гарантуе мігрантам у Польшчы часовую абарону і статус уцекача. Палітычны прытулак – гэта толькі адзін з элементаў.
«Грамадзянская кааліцыя» паясняе, што прыпыненне права на прытулак неабходнае для абароны Польшчы ад расійска-беларускіх гібрыдных нападаў на ўсходняй мяжы. Палітыкі таксама кажуць, што такія дзеянні абароняць Шэнгенскую зону ад развалу. Яны таксама спасылаюцца на прыклад Фінляндыі, якая прыпыніла права на прытулак у адказ на гібрыдныя дзеянні Расіі.
IAR/аз