Сёння быў адкліканы з пасады выконваючы абавязкі дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.
«Я не маю пачуцця роспачы і не адчуваю злосці, бо ад пачатку быў гатовы заплаціць цану за тое, што рабіў ад сярэдзіны сакавіка – пераконваў, каго мог, змагаўся за справу агулам і за кожнага з вас. Крыху прыкра, што зроблена ўсё было за маёй спінай, што, у тым ліку, а можа і перад усім беларусы, якіх уважаў за таварышаў па барацьбе, палічылі што не трэба чалавеку, які ў беларускай справе з 1990-га году, а ў «Белсаце» ад пачатку, паведаміць пра свае планы», напісаў Аляксей Дзікавіцкі ў лісце да калег і каляжанак.
Ліст ён заканчвае: «Цісну кожнаму і кожнай з вас руку, гэта быў сапраўдны гонар працаваць з такімі адважнымі, адданымі справе і прафесійнымі людзьмі, патрыётамі сваіх краінаў. Mы зрабілі вееельмі шмат і гэтага ніхто ў мяне, у нас не забярэ».
Аляксею Дзікавіцкаму запрапанавалі быць кіраўніком белсатаўскага парталу.
Беларускай часткай таго, што засталося з «Белсату» будзе кіраваць Аліна Коўшык, былая шматгадовая журналістка і вядучая на «Белсацe», з верасня 2022 года прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Святланы Ціханоўскай.
Аб гэтым абвясцілі новыя ўлады тэлебачання і прадстаўнікі МЗС, якое часткова фінансуе «Белсат».
Аліна Коўшык пакідае АПК. У часе спаткання на сувязі была Святлана Ціханоўская, якая прывітала прызначэнне Аліны Коўшык на новую пасаду.
яс