Акруговы суд у Кракаве заслухаў паказанні сведкі інкогніта на працэсе над двума грамадзянамі Расіі, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў «Групе Вагнера» і дзейнасці ад імя замежнай выведкі.
Андрэя Г. і Аляксея Т. на пасяджэнне прывезлі з ізалятараў часовага ўтрымання. У сувязі з допытам ананімнага сведкі суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Судовае разбіральніцтва пачалося ў сярэдзіне кастрычніка. Абвінавачаныя сваёй віны не прызнаюць. Яны таксама адмовіліся даваць паказанні ў судзе.
Аднак у тлумачэннях у Пракуратуры, якія суд зачытаў падчас першага пасяджэння, Андрэй Г. прызнаў, што яго задачай было расклейваць улёткі пра «Групу Вагнера», але адмаўляў, што супрацоўнічаў з «вагнераўцамі» і расійскімі спецслужбамі. Свае дзеянні ён тлумачыў жаданнем падзарабіць. Аляксей Т. таксама патлумачыў, што не звязвае сваю дзейнасць з «Групай Вагнера».
Пракуратура выставіла расіянам тры абвінавачанні. Адно з іх тычыцца ўдзелу ў арганізаванай узброенай групоўцы, скіраванай на здзяйсненне тэрарыстычных злачынстваў, вядомай як «Група Вагнера». Другое - звязанае з вядзеннем набору ў гэтую групу. Трэцяе абвінавачанне датычыцца шпіёнскай дзейнасці на карысць разведкі Расійскай Федэрацыі з мэтай дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ў Польшчы.
Андрэй Г. і Аляксей Т. былі затрыманыя супрацоўнікамі Агенцтва ўнутранай бяспекі ў жніўні 2023 года ў Варшаве. Фігурантам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Рашэннем суда яны застаюцца пад вартай да 1 студзеня 2025 года.
PAP/яс