Тытунь і тытунёвыя вырабы забіваюць штогод каля 80 тыс. палякаў. Курэнне можа прывесці перш за ўсё да раку, захворванняў сістэмы кровазвароту і лёгкіх. Спецыялісты адзначаюць, што расце колькасць маладых людзей, якія кураць тытунёвыя вырабы.
Доктар Кінга Янік-Канцэвіч з Калішскага ўніверсітэту падкрэсліла, што моладзь найчасцей цягнецца да электронных цыгарэт, а ўжо потым да традыцыйных:
«Даследаванні пацвердзілі, што нават невялікае ўздзеянне нікаціну падчас развіцця мозгу падлетка можа прывесці да доўгатэрміновага кагнітыўнага дэфіцыту і парушэння рэгуляцыі функцый лобнай кары галаўнога мозгу, якая адказвае за эмоцыі і кагнітыўныя функцыі».
Экспертка дадала, што даследаванні таксама паказалі значную ўзаемасувязь паміж выкарыстаннем электронных прылад для дастаўкі нікаціну і дэпрэсіяй, колькасцю суіцыдаў у дзяцей, трывожнымі ды імпульсіўнымі паводзінамі.
Паводле апытанняў, каля 9 мільёнаў дарослых палякаў кураць розныя тытунёвыя вырабы. І гэта лічба зноў пачала расці.
21 лістапада адзначаецца Сусветны дзень адмовы ад курэння.
эж