Павялічваецца колькасць палякаў, якія жывуць у крайняй галечы, папярэджвае ў сваёй справаздачы фонд «Szlachetna Paczka» (бел. Высакародны падарунак). «Справаздача аб беднасці» была распрацавана на аснове дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, міжнародных фінансавых інстытутаў і дзейнасці тысячаў валанцёраў акцыі, якія наведалі прыкладна 15 тысяч сем'яў па ўсёй краіне.
Паводле яе, у 2023 годзе крайняя беднасць закранула прыкладна 2,5 мільёна палякаў. Гэта значнае павелічэнне ў параўнанні з 2022 годам, кажа аналітык і сааўтар «Справаздачы аб беднасці» Магдалена Лукасік (Magdalena Łukasik):
- Мы адзначылі рост з’явы крайняй беднасці. Годам раней, гэта былі 4,4 працэнта, у 2023 годзе – 6,6 працэнта насельніцтва. Гэта каля 800 тысяч чалавек, якія перакрочылі мяжу крайняй галечы.
Аўтары дакладу тлумачаць гэтую з’яву найперш высокай інфляцыяй, якая паўплывала таксама на змяншэнне значэння сацыяльнай дапамогі.
Сярод 2,5 мільёна людзей, якія жывуць у крайняй беднасці, прыкладна 400 000 - пажылыя людзі і 500 000 - дзеці.
У рамках акцыі «Szlachetna Paczka» перадкалядную дапамогу ў снежні атрымае некалькіх тысяч сем’яў.
IAR/аз