Беларуская Служба

Польскі міністр ад імя ўсяго ЕС: «ЕС гатовы супрацоўнічаць са Злучанымі Штатамі Амерыкі»

21.01.2025 18:03
Заявіў аб гэтым у Страсбургу міністр па еўрапейскіх справах Адам Шлапка.
Міністр па еўрапейскіх справах Адам ШлапкаEPA/RONALD WITTEK Dostawca: PAP/EPA

Польскі міністр выступіў на сесіі Еўрапарламенту ад імя ўсяго ЕС у сувязі з паўгадовым старшынствам Польшчы ў еўрапейскай супольнасці.

«Гісторыя навучыла нас, што Еўропа і ЗША мацнейшыя разам. Цяпер мы павінны разам падумаць над тым, як мы можам эфектыўна падтрымліваць гэтае партнёрства ў новых абставінах, а гэта патрабуе адзінства з боку Саюза», — дадаў міністр па еўрапейскіх справах.

Адам Шлапка падкрэсліў, што трансатлантычнае партнёрства з'яўляецца ключавым з пункту гледжання гандлю.

«Еўрасаюз і ЗША з'яўляюцца адзін для аднаго найбуйнейшымі гандлёвымі партнёрамі. У нас агульная зацікаўленасць ва ўмацаванні гандлёвых і інвестыцыйных адносін. Мы будзем супрацоўнічаць з новай адміністрацыяй праз адкрыты дыялог, спрабуючы прадухіліць напружанасць, адначасова абараняючы нашыя інтарэсы», — сказаў міністр Шлапка.

Ён таксама выказаў надзею на супрацоўніцтва з Вашынгтонам для ўмацавання бяспекі ў Еўропе, у тым ліку энергетычнай. Шлапка нагадаў, што пасля нападу Расіі на Украіну ЕС скараціў пастаўкі расійскага газу і замяніў іх у тым ліку на звадкаваны газ.

«Гэта дазволіла скараціць даходы Расіі пры адначасовым павелічэнні трансатлантычнага гандлю энерганосьбітамі. Злучаныя Штаты застаюцца найбуйнейшым пастаўшчыком СПГ, а ЕС застаецца найбуйнейшым кліентам ЗША», — адзначыў міністр па еўрапейскіх справах Адам Шлапка.

Трансатлантычныя адносіны абмяркуюць у панядзелак у Бруселі кіраўнікі дыпламатыі краін ЕС. Менш чым праз два тыдні адбудзецца саміт ЕС, прысвечаны бяспецы і абароне, з удзелам лідараў 27 краін-членаў.

IAR/Бэата Пламэцка/яс