У Польшчы распачата некалькі крымінальных спраў за пагрозы Ежы Оўсяку, прэзідэнту «Вялікага аркестру святочнай дапамогі», паведамляецца ў заяве Нацыянальнай пракуратуры.
Злачынствы адбыліся ў студзені гэтага года. Размова ідзе перш за ўсё пра публічныя заклікі да забойства Ежы Оўсяку, якія прагучалі пераважна ў сацыяльных сетках.
У Нацыянальнай пракуратуры падкрэсліваюць, што ў большасці выпадкаў зламыснікі былі ўстаноўлены і доказы дазволілі выставіць ім абвінавачанне. Некаторыя з падазраваных адзначылі, што натхненнем для злачынства стала асвятленне ў СМІ дзейнасці кіраўніка WOŚP. Некаторых людзей змясцілі пад варту.
У некалькіх выпадках падазраваныя перадавалі свае пагрозы па тэлефоне ці электроннай пошце. Таксама была пагроза забіць сям’ю Оўсяка. У Лодзі падчас ператрусу ў аднаго з падазраваных былі знойдзеныя прадметы, якія можна лічыць агнястрэльнай зброяй, порах і выбуховыя рэчывы.
За час свайго існавання «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» сабраў амаль 2,3 мільярда злотых і набыў 74,5 тысячы адзінак абсталявання. Медыцынскія прылады з характэрным сэрцайкам Вялікага Аркестра трапілі, між іншым, у неанаталагічныя, гінекалагічна-акушэрскія і педыятрычныя аддзяленні.
Ежы Оўсяк заснаваў WOŚP Foundation больш за 30 гадоў таму. З таго часу рэгулярна раз на год – у студзені – адбываецца збор сродкаў. Фонд працуе ў мэтах выратавання жыццяў хворых людзей, асабліва дзяцей, паляпшэння іх здароўя, а таксама ўмацавання і прафілактыкі здароўя.
IAR/вх