Беларуская Служба

За паўгады ў Польшчы збанкрутавалі больш за 10 тыс. чалавек 

10.02.2025 18:21
Агульная запазычанасць прыватных асобаў, якія абвясцілі аб банкруцтве, на той момант складала 256 млн злотых (больш за 61 млн еўра). 
 .
Ілюстрацыйнае фота.Andrzej Rostek/Shutterstock

У другім паўгоддзі 2024 года аб банкруцтве заявілі 10,3 тыс.  спажыўцоў у Польшчы, — вынікае з дадзеных Нацыянальнага рэестра даўжнікоў (Krajowy Rejestr Dłużników). Агульная запазычанасць прыватных асобаў, якія абвясцілі аб банкруцтве, на той момант складала 256 млн злотых (больш за 61 млн еўра). 

«Толькі ў другім паўгоддзі мінулага года было зафіксавана 10,3 тыс. спажывецкіх банкруцтваў. Амаль палова банкрутаў (49%) былі ўнесены ў рэестр двума гадамі раней, а 61% банкрутаў знаходзіліся ў рэестры на дзень вынясення судовага рашэння. Яны пакінулі пасля сябе 18 365 пратэрмінаваных абавязацельстваў на суму 256 млн злотых», — гаворыцца ў паведамленні Нацыянальнага рэестра даўжнікоў.

Колькасць спажывецкіх банкруцтваў у Польшчы з кожным годам павялічваецца. Спажывецкае банкруцтва (таксама вядомае як банкруцтва фізічнай асобы, банкруцтва спажыўца) — судовы працэс, накіраваны на поўнае або частковае спагнанне запазычанасці спажыўца.

эж