Злучаныя Штаты Амерыкі плануюць стварыць міжнародную ваенную кааліцыю, якая абараняла б вoды ля берагоў Ірана і Емена. Пра гэта праінфармаваў кіраўнік Калегіі начальнікаў штабаў амерыканскіх Узброеных Сіл генерал Джозэф Данфард.
Паводле яго, кааліцыя павінна забяспечваць „свабоду суднаходства” ў рэгіёне, па якім праходзяць важныя гандлёвыя шляхі.
Генерал адзначыў, што ЗША вядуць перамовы са шматлікімі краінамі, якія маюць „палітычную волю” для падтрымкі гэтай ініцыятывы. Ён патлумачыў, што ЗША накіравала б у рэгіён карабель для „камандавання і кантролю”. У сваю чаргу, адзінкі астатніх дзяржаваў-удзельнікаў кааліцыі патрулявалі б транспартныя шляхі і суправаджалі б гандлёвыя судны.
Джозэф Данфард падкрэсліў, што ЗША „плануюць супрацоўнічаць непасрэдна з узброенымі сіламі гэтых краін”. Паводле яго, маштаб ініцыятывы будзе залежаць ад колькасці краін, якія вырашылі б прыняць удзел у кааліцыі.
Армузскі праліў паміж Персідскім і Аманскім залівамі, а таксама Баб-эль-Мандэбскі праліў паміж Чырвоным морам і Аденскім залівам з'яўляюцца стратэгічнымі пунктамі для транспарціроўкі нафты. Штодня танкеры перавозяць згаданымі шляхамі каля 4 мільёнаў барэляў нафты.
Тым часам сітуацыя ў Персідскім заліве пагоршылася пасля леташняга выхаду Злучаных Штатаў з ядзернай дамовы з Іранам і ўвядзення эканамічных санкцый. У апошнія тыдні Тэгеран быў абвінавачаны ў нападах на танкеры ў Персідскім заліве і незаконным збіцці амерыканскага беспілотніка.
На мінулым тыдні брытанскі флот затрымаў ля берагоў Гібралтара іранскі танкер, які перавозіў нафту.
аз