Беларуская Служба

Калі б на Каўказе пачалася вайна, ніхто б ня ведаў, па якой прычыне

10.07.2019 15:55
Надта шмат здарылася на працягу апошніх тыдняў.
Сцяг Грузііwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Каўказ быў на парозе вайны – піша «Rzeczpospolita». У аўторак расейская Дума прыняла заяву, у якой прапануе ўраду ўвесці эканамічныя санкцыі супраць Грузіі. Гаворка ідзе між іншым пра забарону імпарту грузінскіх він і мінеральнай вады. Спынены таксама ўсе аперацыі паміж банкамі двух краін і авіяспалучэнні.

Калі б паміж Грузіяй ды Расеяй раптам пачалася вайна, ніхто б ня ведаў, па якой прычыне. Надта шмат здарылася на працягу апошніх тыдняў. Надоечы прэзідэнт Уладзімір Пуцін крыху зняў напружанне. Ён заявіў, што не ўвядзе санкцый, бо паважае грузінскі народ. Аднак парламент увесь час патрабуе пакараць Грузію.

Алівы ў агонь даліў у нядзелю журналіст апазіцыйнай станцыі Руставі 2 Георгі Габуня, які падчас аўтарскай праграмы пачаў гаварыць па-руску, лаяць Пуціна, выкарыстоўваючы, бадай, увесь рускі мат. Паводзіны журналіста асудзілі прэзідэнт і прэм’ер-міністр Грузіі, тэлестанцыя спыніла яго перадачы. Тым ня менш, Расея чакала афіцыйнага прабачэння. Калі б Масква ўвяла з гэтае прычыны санкцыі, гэта быў бы, відаць, першы выпадак у гісторыі, калі адна дзяржава пагражае іншай эканамічнымі санкцыямі па прычыне выказвання прыватнай асобы ў прыватнай тэлестанцыі. Расея здаўна шукае повад для эскалацыі канфлікту, – мяркуе грузінскі палітолаг і публіцыст Дмітрый Авальяні.

Выданне нагадвае, што пратэсты ў Грузіі пачаліся 20 чэрвеня, калі ў Тбілісі прыехала дэлегацыя расейцаў на чале з дэпутатам Сяргеем Гаўрылавым, які засеў у крэсле спікера грузінскага парламенту. Грузінскія ўлады вінавацяць у спробе дзяржаўнага перавароту былога прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі, нягледзячы на тое, што ён з’ехаў з Грузіі шэсць гадоў таму.

Rzeczpospolita/нг