Беларуская Служба

Дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на антыўрадавыя пратэсты ў Ганконгу

21.07.2019 15:41
Намер урада аўтаноміі дазволіць выдачу меркаваных правапарушальнікаў і злачынцаў уладам КНР выклікаў самыя масавыя пратэсты ў Ганконгу з часу перадачы гэтай былой брытанскай калоніі Кітаю ў 1997 годзе.
Запэцканы герб КНР у ГанконгуPAP/EPA/JEROME FAVRE

Сёмы тыдзень запар у Ганконгу працягваюцца масавыя антыўрадавыя пратэсты. Дзясяткі тысяч дэманстрантаў у нядзелю, 21 ліпеня, выйшлі на вуліцы, каб выказаць сваю незадаволенасць палітыкай уладаў КНР. Яны патрабуюць адклікання законапраекта аб экстрадыцыі ў Кітай, правядзення дэмакратычных рэформаў, увядзення ўсеагульнага выбарчага права і адстаўкі кіраўніка адміністрацыі Ганконга Кэры Лам.

Нягледзячы на тое, што ў пачатку ліпеня Лам абвясціла аб «смерці» законапраекта аб экстрадыцыі ў КНР, які на працягу некалькіх тыдняў выклікаў беспрэцэдэнтна маштабныя пратэсты, яна не выканала патрабаванняў дэманстрантаў аб неадкладным адкліканні гэтага законапраекта. Пратэсты працягнуліся, часам яны праходзяць з ужываннем гвалту.

Намер урада аўтаноміі дазволіць выдачу меркаваных правапарушальнікаў і злачынцаў уладам КНР выклікаў самыя масавыя пратэсты ў Ганконгу з часу перадачы гэтай былой брытанскай калоніі Кітаю ў 1997 годзе.

Кітай пры перадачы яму Ганконга ў 1997 годзе запэўніў Вялікабрытанію ў тым, што захавае на гэтай тэрыторыі асноўныя правы чалавека, такія, як свабода слова і друку, на працягу як мінімум 50 гадоў. Апазіцыйны рух у Ганконгу абвінавачвае ўрад аўтаноміі ў тым, што ён, на іх думку, усё больш парушае прынцып ''адна краіна, дзве сістэмы''.

паводле dw.com/эж