Беларуская Служба

У Англіі і Уэльсе рэзка ўпала выкарыстанне поліэтыленавых пакетаў

03.08.2019 14:23
На 90% скарацілася спажыванне пластыкавых пакетаў карыстальнікамі ў гэтых краінах.
 .    .
Пластыкавыя пакеты. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Image by Jasmin Sessler from Pixabay/CC0

Дадзеныя, апублікаваныя ўрадам, паказваюць, што гэта было выклікана ўвядзеннем адмысловага збору за пакеты ў крамах.

Пластыкавыя пакеты робяцца ўсё менш папулярныя. Пяць галоўных сетак супермаркетаў у Англіі прадалі іх летась 550 мільёнаў штук, а два гады таму – больш за мільярд.

Перад увядзеннем платы звычайна кожны кліент за год браў да дому каля 140 такіх пакетаў. Цяпер каля дзесяці. Кіраўніцтва крамаў перакананае, што гэта вынік уведзенай чатыры гады таму аплаты за пакеты.

З таго часу выкарыстанне небяспечных для прыроды пакетаў скарацілася на 90%. Большасць крамаў не пакідае грошы за пакеты для сябе, а перадае іх на дабрачынныя мэты. Дзякуючы гэтаму гуманітарныя арганізацыі атрымалі за гэты час каля 180 мільёнаў фунтаў дадаткова.

Ва ўсім свеце кожны год вырабляецца каля 300 мільёнаў тон пластыку. 8 мільёнаў трапляюць у акіяны.

ПР/юл