49-гадовага расейца, імя якога не паведамляецца, арыштавалі ў Берліне і афіцыйна абвінавацілі ў забойстве 40-гадовага грамадзяніна Грузіі, паведаміла пракуратура ў Берліне.
Паводле onet.pl грузінская грамадская арганізацыя Цэнтр даследаванняў і маніторынгу правоў чалавека, паведамляе пра забойства Зелімчана Хангашвілі, які ўдзельнічаў у Другой вайне Чачні (1999–2009) на баку чачэнскіх сепаратыстаў. У 2001–2005 гадах быў адным з палявых камандзіраў. Пазней працаваў у антытэрарыстычным аддзеле Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі. Расія выдала ордэр на яго арышт.
Па дадзеных арганізацыі, мужчына быў застрэлены 23 жніўня па дарозе ў мячэць. Злачынца выкінуў зброю ў раку і паспрабаваў уцячы з месца злачынства на ровары, але неўзабаве быў затрыманы.
Незалежныя расейскія СМІ нагадваюць, што ў 2015 годзе ў цэнтры Тбілісі невядомыя стралялі па аўтамабілі Хангашвілі. Пасля гэтага мужчына пераехаў з сям’ёй спачатку ва Украіну, а потым у Германію, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Ён пераконваў, што за спробу яго забойства адказваюць расейскія ўлады.
Паводле сваякоў Хангашвілі, улады Расіі неаднаразова патрабавалі ў Германіі выдачы чачэнца на той падставе, што ён нібыта быў звязаны з радыкальнымі ісламістамі.
Як паведамляе інтэрнэт-партал Spiegel, Хангашвілі быў даверанай асобай грузінскіх спецслужбаў і дапамагаў у „барацьбе з расійскім уплывамі” у рэгіёне.
Паводле чачэнскай асацыяцыі „Вайфонд”, якую цытуе „Радыё Свабода”, забойства Хангашвілі было замоўленае і арганізаванае людзьмі, звязанымі з цяперашнім кіраўніком Чачні Рамзанам Кадыравым. Паліцыя ў Берліне афіцыйна не пацвярджае гэтай інфармацыі.
аз