Беларуская Служба

Сацыялісты зноў перамаглі на выбарах у Партугаліі

07.10.2019 13:34
Паводле папярэдніх дадзеных, апублікаваных Цэнтральнай выбарчай камісіяй у ноч на панядзелак, 7 кастрычніка, сацыялісты набралі 36,65% галасоў выбарцаў.
Антоніу Кошта абвяшчае аб перамозе Сацыялістычнай партыі PAP/EPA/MARIO CRUZ

На парламенцкіх выбарах у Партугаліі кіроўная Сацыялістычная партыя (PS) атрымлівае пераканаўчую перамогу. Паводле папярэдніх дадзеных, апублікаваных Цэнтральнай выбарчай камісіяй у ноч на панядзелак, 7 кастрычніка, сацыялісты набралі 36,65% галасоў выбарцаў.

Для таго, каб атрымаць абсалютную парламенцкую большасць, сацыялісты, узначаленыя дзеючым прэм'ер-міністрам Антоніу Кошта, павінны атрымаць як мінімум 116 з 230 дэпутацкіх мандатаў. Аднак па выніках падліку 99% бюлетэняў, яны могуць разлічваць толькі на 106 мандатаў. Тым не менш Кошта ўжо абвясціў пра перамогу сваёй партыі.

Другое месца на выбарах займае правацэнтрысцкая Сацыял-дэмакратычная партыя (PSD), якая атрымала 28 % галасоў – 77 дэпутацкіх крэслаў.

Партугалія ўвайшла ў еўразону ў 2002 годзе, а ў 2010 годзе рэйтынгавыя агенцтвы сталі паніжаць ацэнку яе крэдытаздольнасці. У траўні 2011 года Партугаліі, паводле агульнага рашэння еўрапейскіх міністраў фінансаў быў выдзелены крэдытны пакет. У адказ Лісабон знізіў аклады дзяржслужачых і зменшыў сацыяльную дапамогу. Акрамя таго, былі павышаны падатак на дадзеную вартасць ды іншыя падаткі.

У выніку крызісу, які выклікаў палітыку жорсткай эканоміі ўрад Партугаліі пад кіраўніцтвам лідара ліберальна-кансерватыўнай PSD Педру Пасуш Каэльё, доўга не затрымаўся. Аднак пасля балючых захадаў эканоміі і рэформаў, а таксама з дапамогай міжнародных крэдытораў, Партугалія выйшла з крэдытнага крызісу.

Сацыяліст Антоніу Кошта, які ўпершыню перамог на выбарах у 2015 годзе, адмяніў многія з эканамічных мер сваіх папярэднікаў, павысіў заробкі і пенсіі. Эканоміка Партугаліі пасля гадоў стагнацыі ізноў знаходзіцца на ўздыме.

паводле dw.com/эж