Беларуская Служба

Белы дом адмовіўся супрацоўнічаць з Палатай прадстаўнікоў па справе імпічменту

09.10.2019 16:11
Супрацоўнікі Белага дома атрымалі ад прэзідэнта Трампа забарону на супрацоўніцтва па гэтай справе з парламенцкімі камісіямі.
    .
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп .PAP/EPA/Chris Kleponis / POOL

Белы дом адмовіўся супрацоўнічаць з Палатай прадстаўнікоў адносна працэдуры імпічменту. Кабінет прэзідэнта ЗША абвясціў, што лічыць незаконнай дзейнасць, кантраляванай дэмакратамі ніжэйшай палаты парламента.

У лісце да кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пелосі, юрыст Белага дома Пат Сіпалоне назваў працэдуру імпічменту партыйнай і незаконнай. Ён паведаміў таксама, што супрацоўнікі Белага дома атрымалі ад прэзідэнта Трампа забарону на супрацоўніцтва з парламенцкімі камісіямі, якія займаюцца імпічментам.

Яны не могуць даваць паказанні і перадаваць ніякіх дакументаў згаданым камісіям. Прэс-сакратар Белага дома Стэфані Грышам абвінаваціла апазіцыю ў незаконнай спробе падарваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2016 года.

Працэдура імпічменту была распачатая Палатай прадстаўнікоў пасля таго, як ананімны супрацоўнік ЦРУ паведаміў, што прэзідэнт ЗША выкарыстаў сваю пасаду для аказання ціску на ўкраінскія ўлады з мэтай распачацця расследавання па справе свайго палітычнага канкурэнта Джо Байдэна.

Прэзідэнт Трамп катэгарычна адхіляе гэтыя абвінавачванні. Дэмакраты папярэдзілі Белы дом, што ўжо сама адмова ад супрацоўніцтва ў рамках расследавання можа стаць асновай для імпічменту.

аз