Беларуская Служба

Еўразвязаўскія санкцыі за выкарыстоўванне хімічнай зброі прадоўжаныя яшчэ на год

14.10.2019 14:39
Чорны спіс азначае забарону выезду ў ЕЗ і заблакаваныя рахункі ў Еўропе.
Федэрыка Магерыні PAP/EPA/JULIEN WARNAND

Еўразвязаўскія санкцыі за выкарыстоўванне хімічнай зброі прадоўжаныя яшчэ на год, да паловы кастрычніка будучага году. Рашэнне прынялі міністры замежных спраў 28 краін на сустрэчы ў Люксэмбургу. Чорны спіс азначае забарону выезду ў ЕЗ і заблакаваныя рахункі ў Еўропе.

У гэты спіс унесеныя дзевяць чалавек. У ім знаходзяцца чатыры функцыянеры расійскай вайсковай выведкі, адказныя за хімічную атаку ў Солсбэры. Дзве асобы – гэта агенты, абвінавачаныя брытанскім урадам у спробе забойства Сяргея Скрыпаля. У Маскве іх прадстаўлялі як пару турыстаў, якая прыляцела ў Солсбэры. Два іншыя чалавекі – гэта іх начальнікі. Санкцыямі надалей ахопленыя пяць чалавек, адказных за выкарыстоўванне хімічнай зброі ў Сірыі.

ЕЗ можа ўводзіць санкцыі супраць асоб і фірм, таксама арганізацый, якія ўдзельнічаюць у развіцці і выкарыстоўванні хімічнай зброі ў любым месцы ў свеце, нягледзячы на нацыянальнасць і лакалізацыю.

ав