Не менш за 73 чалавекі загінулі пры пажары ў пасажырскім цягніку ў Пакістане. Як паведамляюць мясцовыя СМІ, пажар пачаўся пасля выбуху газавага балона, які пасажыры выкарыстоўвалі для прыгатавання ежы.
Як мяркуецца, агонь ахапіў адразу тры вагоны складу. Улады паведамляюць, што многія пасажыры загінулі, выскокваючы з палаючага цягніка на хаду.
Таксама паведамляецца пра 30 пацярпелых; улады чакаюць, што іх колькасць будзе расці.
«Выбухнулі дзве газавыя пліткі. На іх рыхтавалі ежу з выкарыстаннем алею, што дадало гарэнню інтэнсіўнасці», – паведаміў міністр чыгуначнага злучэння Пакістана Шэйх Рашыд Ахмед.
Паводле яго слоў, выкарыстанне пасажырамі кампактных пліт, якія працуюць на газе, у доўгіх чыгуначных рэйсах – распаўсюджаная праблема. Многія пасажыры накіроўваліся на ісламскую канферэнцыю, сказаў міністр.
Трагедыя адбылася непадалёк ад горада Рахім’яр-Хан ў правінцыі Пенджаб.
У Пакістане неаднаразова адбываліся чыгуначныя трагедыя з мноствам смяротных ахвяр. Шмат людзей гіне праз тое, што цягнікі, як правіла, ходзяць перапоўненымі.
У 2005 годзе ў правінцыі Сінд адбылася адна з самых маштабных чыгуначных катастроф у гісторыі Пакістана – сутыкнуліся тры цягнікі, загінулі больш за 130 чалавек.
паводле bbc.com/эж