Беларуская Служба

У другім туры выбараў за мяжой можа галасаваць рэкордная колькасць палякаў

08.07.2020 17:02
Паводле прагнозаў, у выбарах за мяжой можа прыняць удзел нават больш за 500 тысяч польскіх выбаршчыкаў.
ГаласаваннеTumisu /pixabay.com/CC0 Public Domain

Дадатковыя больш за 150 тысяч палякаў, якія жывуць за мяжой, паведамілі пра намер удзельнічаць у другім туры прэзідэнцкіх выбараў. Гаворка ідзе пра асобы, якія не галасавалі ў першым туры альбо памянялі выбарчую акругу. Гэта азначае, што ў выбарах за мяжой можа прыняць удзел нават больш за 500 тысяч польскіх выбаршчыкаў.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Моніка Шатынска-Люфт (Monika Szatyńska-Luft), паясняе, што ў краінах, дзе дазваляецца галасаваць асабіста, да спісу выбаршчыкаў можна дапісацца яшчэ ў чацвер. Рэгістрацыя, зробленая да першага тура, застаецца сапраўднай.

З-за пандэміі і абмежаванняў, якія дзейнічаюць у паасобных краінах, пераважная большасць палякаў за мяжой прагаласуе па пошце.

- Супрацоўнікі консульскіх устаноў за два дні да ўстаноўленага законам тэрміну, то бок да 4 ліпеня, адправілі 100 працэнтаў, то бок 480 000 выбарчых пакетаў. Інфармацыя аб недахопах у пакетах адносіцца да нешматлікіх выпадкаў, што магчымае беручы пад увагу колькасць дакументаў і час. У кожным такім выпадку выбаршчыкі павінны як мага хутчэй звярнуцца ў кампетэнтную консульскую ўстанову для высвятлення справы.

Міністэрства замежных спраў спадзяецца, што найбольшая колькасць канвертаў з запоўненымі выбарчымі бюлетэнямі „вернецца” ў консульскія ўстановы сёння, або цягам бліжэйшых дзён.

Выбарчыя камісіі за мяжой будуць прымаць пасылкі ад паштовых аператараў і кур'ераў таксама ў дзень галасавання да 21.00 па мясцовым часе.

аз