Беларуская Служба

Вышаградская група прыняла супольную пазіцыю перад відэасамітам Еўрапейскага савета

19.08.2020 12:01
Прэзідэнты краін Вышаградскай групы заклікаюць прыняць еўрапейскі план салідарнасці з Беларуссю.
(zdjęcie ilustracyjne)
(zdjęcie ilustracyjne)Foto: Shutterstock/Trybex

Прэзідэнты краін Вышаградскай групы прынялі агульную пазіцыю перад відэаканферэнцыяй Еўрапейскага савета, прысвечанай сітуацыі ў Беларусі, паведаміў у Твітэры кіраўнік Кабінета прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі(Krzysztof Szczerski).

Паводле яго, прэзідэнты заклікаюць да дыялогу па канфлікце ў Беларусі. Яны таксама кажуць пра неабходнасць арганізаваць там новыя выбары і прыняць еўрапейскі план салідарнасці з Беларуссю і паважаць суверэнітэт гэтай краіны.

Падчас відэаканферэнцыі па сітуацыі ў Беларусі кіраўнікі краін ЕС абмяркуюць, у прыватнасці, санкцыі супраць вінаватых у гвалце і фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк(Szymon Szynkowski vel Sęk) заявіў у эфіры TVP Info, што Польшча таксама чакае ад Еўрасаюза перадачы сродкаў на дапамогу Беларусі.

- Мы хочам, каб фінансавая дапамога і іншыя дзеянні былі прынятыя таксама на ўзроўні Еўрасаюза. Гэтую справу падчас саміту закране прэм’ер Маравецкі. Зараз Польшча актыўна дзейнічае па справе падтрымкі Беларусі – размовы са шматлікімі лідарамі праводзіў як прэм’ер, так і кіраўнік МЗС. Мы чакаем таксама заангажавання з боку міжнародных арганізацый у тым ліку Еўрасаюза ці АБСЕ.

Пераконваў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк.


аз