Пазачарговае пасяджэнне адбудзецца па патрабаванні апазіцыйнай групы «Смер» экс-прэм'ера Роберта Фіцо, якая выступае супраць паставак зброі ва Украіну і крытыкуе антырасійскія санкцыі.
Афіцыйную просьбу аб перадачы спісаных Славакіяй МіГаў накіраваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Прэм'ер-міністр Эдуард Хэгер запэўніў яго, што славацкі ўрад прыкладзе ўсе намаганні, каб перамовы па гэтай справе, у якіх будзе ўдзельнічаць Еўракамісія, былі завершаныя як мага хутчэй.
На сённяшнім пасяджэнні парламента «Смер» хоча прасунуць пастанову аб адмове перадачы машын Украіне. Партыя Роберта Фіцо лічыць дзеянні кабінета міністраў Эдуарда Хегера ў гэтым пытанні неканстытуцыйнымі і пагражальнымі абарончай здольнасці дзяржавы.
Аднак канчатковае рашэнне павінен прыняць адпраўлены ў адстаўку ўрад, які застаецца ва ўладзе з абмежаванымі паўнамоцтвамі да датэрміновых выбараў, прызначаных на верасень.
На думку Эдуарда Хэгера, постсавецкія МіГі бескарысныя для славацкай арміі, якая чакае пастаўкі амерыканскіх баявых самалётаў F-16. Рэагуючы на апазіцыю Роберта Фіцо, цяперашні прэм'ер абвінаваціў былога трохразовага кіраўніка ўрада ў распаўсюдзе расійскай прапаганды.
ПР/юл