Споўніўся год з моманту пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны 24 лютага мінулага года. Атака на Украіну адбылася таксама з тэрыторыі Беларусі. Гэта была эскалацыя варожых дзеянняў Расіі, якія пачаліся ў 2014 годзе анексіяй Крыма і вайной на ўсходзе краіны.
Войскі Уладзіміра Пуціна кожны дзень абстрэльваюць і знішчаюць ключавыя аб'екты інфраструктуры ва Украіне, здзяйсняючы масіраваны абстрэл украінскіх гарадоў і пасёлкаў з выкарыстаннем артылерыі, ракетных комплексаў і балістычных ракет. Расіяне здзяйсняюць злачынствы ў дачыненні да мірнага насельніцтва, катуюць палонных, у тым ліку дзяцей.
Трэба браць пад увагу магчымасць пашырэння расійскага канфлікту, які адбываецца ва Украіне, лічыць віцэ-прэм’ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак(Mariusz Błaszczak):
- Мы бярэм гэта пад увагу і таму ўзмацняем ахову мяжы з Калінінградскай вобласцю. Гэта прафілактычныя меры. Мы павялічваем колькасць жаўнераў. Калі ў 2015 годзе
«Права і справядлівасць» апынулася пры ўладзе, колькасць жаўнераў у польскай арміі складала 95 тысяч. Зараз, разам з Войскамі тэрытарыяльнай абароны – гэта 165 тысяч.
Міністр нацыянальнай абароны таксама паведаміў, што толькі ў гэтым месяцы падрыхтоўку ў рамках добраахвотнай вайсковай службы пачалі 3 тысячы польскіх жаўнераў. Палітык мяркуе, што тры чвэрці з іх стануць прафесійнымі вайскоўцамі, а астатнія – добра падрыхтаванымі жаўнерамі запасу.
Нагадваем, aмерыканскі Інстытут ваенных даследаванняў папярэдзіў аб пагрозе гібрыднай атакі, якая ўцягнула б у вайну Беларусь. Аб правакацыйных дзеяннях Крамля паведамляюць таксама ўлады Малдовы.
IAR/аз