Беларуская Служба

Еўракамісія ўзнаўляе перамовы з пяццю краінамі па справе імпарту збожжа з Украіны

23.04.2023 11:02
Еўракамісія прапануе дапамогу ў вывазе збожжа і 100 мільёнаў еўра для фермераў з пяці краінаў, у тым ліку Польшчы.
Сцяг Еўрасаюзафота: pixabay.com/CC0 Public Domain

Сёння (каля 13.00) адновяцца перамовы Еўракамісіі з пяццю краінамі, у тым ліку з Польшчай, аб вырашэнні праблемы празмернага імпарту з Украіны. Першапачаткова планавалася, што перамовы адбудуцца ў аўторак. Першыя перамовы па гэтай справе, якія адбыліся некалькі дзён таму, не далі вынікаў, бо Польшча, Балгарыя, Румынія, Славакія і Венгрыя палічылі прапановы Бруселю недастатковымі. Цяпер Еўракамісія прапануе дапамогу ў вывазе лішкаў збожжа з суседніх з Украінай краін. Тэму працягвае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка:

- Сённяшнім перамовам папярэднічала ўчарашняя размова прэм’ера Матэвуша Маравецкага з віцэ-кіраўніком камісіі Валдзісам Дамброўскісам. Кіраўнікі пяці краін у канцы сакавіка напісалі ў лісце да старшыні Еўракамісіі, што камісія павінна прааналізаваць магчымасць закупкі лішкаў збожжа ў гуманітарных мэтах і ўказалі на магчымае супрацоўніцтва з Сусветнай харчовай праграмай. Камісія гатовая прыняць такія рашэнні, і дэталі яшчэ будуць прапрацаваны. Сённяшнія перамовы таксама будуць датычыць спісу ўкраінскай прадукцыі, на ўвоз якой будзе дзейнічаць часовая забарона. Камісія прапанавала пшаніцу, кукурузу, сланечнік і рапс. Пяць краін хочуць пашырыць гэты спіс на алей, муку, мёд, цукар, мяккую садавіну, яйкі, мяса, малако і малочныя прадукты.

Еўракамісія таксама прапануе 100 мільёнаў еўра для фермераў са згаданых пяці краінаў. Польшча атрымае больш за 39 мільёнаў еўра з магчымасцю павелічэння гэтай сумы на 200 працэнтаў з дзяржаўнага бюджэту.

IAR/аз