Беларуская Служба

Прэзідэнт Чэхіі: Расіяне, якія жывуць на Захадзе, павінны знаходзіцца пад больш пільным наглядам

15.06.2023 17:01
У інтэрв'ю ўкраінскай службе Радыё Свабода Пэтр Павэл палічыў гэта коштам вайны Крамля ва Украіне.
Пэтр ПавэлVit Simanek / PAP / CTK

Расіяне, якія жывуць на Захадзе, павінны знаходзіцца пад больш пільным наглядам мясцовых службаў, лічыць прэзідэнт Чэхіі. У інтэрв'ю ўкраінскай службе Радыё Свабода Пэтр Павэл палічыў гэта коштам вайны Крамля ва Украіне.

Прэзідэнт Чэхіі заявіў, што меры бяспекі ў дачыненні да расійскіх грамадзян падчас вайны павінны быць больш жорсткімі.

«Яны – прадстаўнікі нацыі, якая вядзе агрэсіўную вайну. Я магу ім паспачуваць, але давайце азірнемся назад – калі пачалася Другая сусветная вайна, японцы, якія жывуць у ЗША, таксама трапілі пад пільны нагляд», – сказаў Пэтр Павэл.

«Гэта проста кошт вайны», – дадаў прэзідэнт.

Пасля нападу на Пэрл-Харбар у снежні 1941 г. больш за 120 000 амерыканцаў японскага паходжання былі прымусова пераселены і інтэрнаваны ў лагеры. Праз гады Вашынгтон афіцыйна прынёс за гэта прабачэнні і выплаціў рэпарацыі на агульную суму больш за паўтара мільярда долараў.

яс