Беларуская Служба

У Мінабароны Украіны распавялі, якім чынам акупанты падарвалі Кахоўскую ГЭС

15.06.2023 17:30
Характар выбуху на Кахоўскай ГЭС паказвае на спрацоўванне прыстасавання ўнутры электрастанцыі.
У Новай Кахоўцы расіяне ўзарвалі дамбу на гідраэлектрастанцыі PAP/EPA

Слядоў магутных паверхневых выбухаў на суседніх аб'ектах разбуранай дамбы Кахоўскай ГЭС не зафіксавана, што сведчыць аб спрацоўванні выбуховага прыстасавання ўнутры абʼекта.

Пра гэта падчас брыфінгу ў Military Media Center паведаміў начальнік Упраўлення экалагічнай бяспекі і супрацьміннай дзейнасці Міністэрства абароны палкоўнік Руслан Берагуля.

Паводле яго слоў, выбуховае прыстасаванне ўнутры ГЭС, верагодна, заклалі байцы 205-й мотастралковай брыгады УС РФ.

Пры гэтым Берагуля дадаў, што ў момант выбуху нарвежская сейсмічная сістэма NORSAR зафіксавала ваганні магнітудай да 2 балаў па каардынатах, якія супадаюць з месцазнаходжаннем Кахоўскай ГЭС, што ўказвае на магутную сілу выбуху.

Палкоўнік падкрэсліў, што падрыў Кахоўскай ГЭС ракетамі HIMARS немагчымы, таму што ў адной ракеце знаходзіцца 100-200 кг выбуховага рэчыва, а гэтага недастаткова для знішчэння такога збудавання.

Ваенны таксама звярнуў увагу на тое, што расіяне знішчылі Кахаўскую ГЭС адразу пасля пачатку наступлення Сіл абароны Украіны на асобных участках лініі фронту.

Падрыў Кахоўскай ГЭС

Расійскія акупанты ўзарвалі дамбу Кахоўскай ГЭС у ноч на 6 чэрвеня. Гэта выклікала маштабную катастрофу, у выніку якой былі затоплены дзясяткі населеных пунктаў, загінулі тысячы жывёлін, а ў Чорнае мора трапіла шмат прэснай вады.

Пасля падрыву расійскія ўлады паспяшаліся запэўніць, што яны тут ні пры чым. Але насамрэч толькі ў акупантаў быў доступ да гэтага збудавання. Па некаторых дадзеных, падрывам Кахоўскай ГЭС, расіяне спрабавалі сарваць ўкраінскае контрнаступленне.

яс/unian.net