Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў выказаў упэўненасць, што касетныя боепрыпасы, якія Украіна атрымае ад ЗША, паспрыяюць вяртанню Украінай акупаваных Расіяй тэрыторый і дапамогуць выратаваць жыцці многіх украінскіх вайскоўцаў.
Пры гэтым ён запэўніў, што гэтая зброя не будзе выкарыстоўвацца на расійскай тэрыторыі.
У распаўсюджанай заяве Аляксей Рэзнікаў вітае рашэнне Вашынгтона аб перадачы касетных боепрыпасаў.
«Згодна з артыкулам 51 Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, Украіна мае міжнародна прызнанае права на самаабарону, і таму яна ўжо даўно афіцыйна запытвае гэты від боепрыпасаў. Хачу падкрэсліць, што пры рэалізацыі нашага неадʼемнага права на самаабарону, мы працягнем строга выконваць усе міжнародныя гуманітарныя канвенцыі, падпісаныя і ратыфікаваныя Украінай», – гаворыцца ў заяве.
Аляксей Рэзнікаў падкрэслівае, што Расія з першага дня агрэсіі супраць Украіны выкарыстоўвае касетныя боепрыпасы.
Міністр абароны Украіны паведаміў аб правілах, якія будуць прымяняцца Украінай пры выкарыстанні касетных боепрыпасаў. Украіна будзе выкарыстоўваць гэтыя боепрыпасы толькі для таго, каб вярнуць сабе міжнародна прызнаныя тэрыторыі. Гэтыя боепрыпасы не будуць выкарыстоўвацца на афіцыйна прызнанай тэрыторыі Расіі. Гэтыя боепрыпасы не будуць выкарыстоўвацца ў гарадах, каб не ствараць пагрозы мірнаму насельніцтву.
Касетныя боепрыпасы будуць выкарыстоўвацца толькі ў раёнах канцэнтрацыі расійскіх войскаў і для прарыву лініі абароны праціўніка.
Акрамя таго, Украіна будзе весці строгі ўлік прымянення гэтай зброі і зон, дзе яна будзе выкарыстоўвацца.
Пра тое, што ЗША паставяць Украіне касетныя боепрыпасы, учора паведаміў дарадца прэзідэнта ЗША Джэйк Саліван.
Выкарыстанне такіх боепрыпасаў забаронена больш чым у ста краінах свету. Касетныя ракеты распадаюцца на невялікія зарады, здольныя паражаць людзей на вялікай плошчы. Калі зарад не выбухне, ён можа пагражаць доўгія гады.
30 мая 2008 года падчас канферэнцыі ў Дубліне 111 краін падтрымалі забарону касетных бомбаў. Ад галасавання ўстрымалася Польшча, абсталяваная некалькімі тыпамі касетных бомбаў РБК, ЛБКас-250, ЗК-300. Канвенцыя аб забароне касетных боепрыпасаў уступіла ў сілу 1 жніўня 2010 г. Канвенцыю не падпісалі, у тым ліку, ЗША, Расія, Кітай і Польшча.
яс/IAR