Беларуская Служба

Прэзідэнт В.Зяленскі: вынікі саміту добрыя, але яны былі б ідэальнымі, калі б нас запрасілі ў НАТА

12.07.2023 13:23
«Я разумею, што Украіна не можа быць членам НАТА, пакуль ідзе вайна».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і Генсек НАТА Енс СтолтэнбергPAP/Valdemar Doveiko

Уладзімір Зяленскі станоўча ацаніў вынікі саміту НАТА ў Вільні. Аднак, як ён дадаў, яны былі б ідэальнымі, калі б яго краіна атрымала запрашэнне ўступіць у Альянс.

На сумеснай прэс-канферэнцыі з генсекам НАТА прэзідэнт Украіны адзначыў, што разумее заклапочанасць некаторых краін НАТА членствам Украіны ў Альянсе

«Некаторыя цяпер баяцца казаць аб нашым сяброўстве, таму што гэта пагражала б развязваннем сусветнай вайны. Гэта зразумела і лагічна. Я разумею, што Украіна не можа быць членам НАТА, пакуль ідзе вайна. Падчас двухбаковых сустрэч з генеральным сакратаром, і партнёрамі, я ўпершыню чуў такія выразныя сігналы, што Украіна будзе сябрам НАТА пры выкананні пэўных умоваў. Я разумею, што гаворка ідзе пра той час, калі на нашай тэрыторыі будзе бяспечна».

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі таксама заявіў, што падчас віленскага саміту НАТА спадзяецца атрымаць гарантыю бяспекі сваёй краіны на час, пакуль Украіна будзе прынятая ў Альянс. У якасці пазітыўнага выніку саміту ён таксама назваў абяцанні ваеннай дапамогі сваёй краіне.